Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мурознык ’позняя кветка’ (бяроз., Сл. Брэс.). Да мароз (гл.).

Мурок ’выступ у коміне, на які кладуць запалкі’ (свісл., Шатал.; бераст., Сцяшк. Сл.). Да мур1, му́рак (гл.).

Муроўка1 ’мураванне’, ’матэрыял для муравання’ (ТСБМ, Нас.). Да мурава́ць (гл.).

Муроўка2 ’божая кароўка, Coccinella septipunctata’ (міёр., Шатал.). З ⁺мороўка, роднаснае да польск. mrówka < прасл. morvьja ’муравей’. Гл. мураве́йнік.

Муроўка3 ’мурава, густая мяккая трава’ (докш., Янк. Мат.; Бяльк.). Да мур2 (гл.).

Муртаўня́ ’мурашнік’ (Бір. дыс.). Відаць, у выніку кантамінацыі слоў гурт і ⁺мураў‑ня.

Мурту́шка ’мачанне’ (трак., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. mùrti ’размакаць, размякаць’.

Муру́гі ’масць паляўнічага сабакі’ (Інстр. II), ст.-бел. мургъ ’парода сабакі’, якое, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 143), запазычана са ст.-польск. murga, яно ў суч. польск. мове азначае ’назва сабакі’, ’вол любой масці’, ’некультурны чалавек’. Параўн., аднак, укр. мору́гий, муру́гий ’рыжы або цёмна-шэры з цёмнымі палосамі’, муру́га ’шэра-белы вол з больш цёмнымі палосамі’, рус. муругий ’паласаты, з плямамі’, якія ўзыходзяць да прасл. morǫgъ (польск. morąg ’цёмная паласа ў жывёл’, moręgi ’чорны з чырвоным’, славен. maróga ’пляма, паласа’) — усе суадносяцца з мара́ць ’пэцкаць’ (Фасмер, 3, 14). Сюды яшчэ чэш. merhy ’ра́гі — ’палосы на запацелых войнах’, merhovati ’рабіць паласатым’ (Махэк₂, 360).

Мурцава́ць ’есці з вялікім апетытам’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrdyti ’запіхваць’, ’таўчы’. Зычны ‑ц‑ пад уплывам мурцоўка (гл.).

Мурцоўка ’цура (хлеб з квасам)’ (Касп., Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС; в.-дзвін., полац., Нар. сл.), ’страва з пакрышанага хлеба ў вар’ (КЭС, лаг.), ’яечня з мукою’ (Шат.), ’каша з ячных круп’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’страва з цёртага канаплянага семя, вады, хлеба, солі і алею’ (Бяльк.), бяроз. ’рулі’ (Вешт.), мурсоўка ’зацірка з мукі, вады і алею’ (Ян.), мурцы́ ’цура (кавалачкі хлеба, вада, соль)’ (даўг., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. mùrti ’размакаць’, mirksóti ’мокнуць’: першапачаткова цуру рубілі з чэрствага, сухога хлеба, які размочвалі ў вадзе. Параўн. таксама рус. разан., новасіб. мочёнка, мо́ченка ’цура’. Аналагічна Вештарт (Бел.-рус. ізал., 17–18).

Мурча́ць, мурчэць ’бурчаць’, ’ціха вурчаць (пра ката), муркаць’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Ян; мазыр., Шатал.), ’мармытаць’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Укр. мурча́ти ’тс’, рус. мурчать, мурчеть, польск. mruczeć ’тс’, чэш. mručeti, mrukati, mrčeti, славац. mručať, славен. mŕčati, серб.-харв. мр́штати ’бурчэць у жываце’. Старое гукапераймальнае ўтварэнне, мае паралелі першай зычнай m‑/b‑/v‑. І.‑е. паралелі: літ. ur̃kti ’бурчаць’, ’вурчаць’, лац. urcare ’раўці, крычаць (аб рысі)’ (Міклашыч, 384; Траўтман, 353; Буга, Rinkt., 1, 492; Фасмер, 3, 14; Махэк₂, 381; Бязлай, 2, 200).

Мурша́вы ’гнілы’ (свісл., Шатал.; ваўк., Сл. ПЗБ; смарг., Сцяшк. Сл.); му́ршыны ’парахня’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. ровенск. му́рша ’гніль, парахня ў сярэдзіне дрэва’, ’лес з такой хваробай’. Запазычаны з польск. murszeć ’буцвець’, mursz ’гніенне’, murszaty, zmurszały ’збуцвелы’, якія з с.-в.-ням. mürsen ’таўчы’, усх.-с.-ням. morsch ’гнілы, стары, крохкі’ (Брукнер, 655).