Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Барка́н1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.

Барка́н2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.

Барка́н3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.

Барка́на́ ’морква’ (Касп.). Рус. борка́н, барка́н, бурка́н ’тс’. Слова няяснага паходжання. Некаторыя версіі (напр., прыбалт.-ням. крыніцу: Burkan, Burkane і г. д.) прыводзіць Фасмер, 1, 194. Іначай Буга, Rinkt., III, 771, які лічыць, што *bъrk‑аnъ і *mъrky ’морква’ аднаго паходжання (з невядомай сёння прыбалтыйскай мовы, у якой была змена mb).

Барканчу́к дзіця незамужняй жанчыны’. Гл. барка́н2.

Барка́с. Рус. барка́с, укр. барка́с. Запазычанне з франц. barcasse ’тс’. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 45–46.

Баркі ’віціны’ (Шн.). Бясспрэчна, таго ж паходжання, што і рус. ба́рок, укр. ба́рок (мн. ба́рки) ’дручок у возе, ворчык’ (а гэта запазычанне з польск. bark ’ворчык; плячо’; аб паходжанні польск. слова гл. Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 27). Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.

Барку́н ’палявая трава’ (Сцяшк. МГ), ’баркун белы, Меlilotus albus L.’ (Кіс.), ’люцэрна серпападобная, Medicago falcata L.’ (Кіс.). Таксама беркун, беркін (гл.). Рус. буркун, укр. буркун, боркун, борконь, буркунчик, бурундук, бурунчук, борончук і г. д. (гл. Макавецкі, Sł. botan., 226–227, 229; Мяркулава, Очерки, 86–87). Паводле Мяркулавай, Очерки, 87, ва ўкр. мове запазычанне з цюрк. моў (спроба цюрк. этымалогіі Мяркулава, Очерки, там жа), а адтуль у рус. У бел. мову таксама, мабыць, узята непасрэдна з укр.

Барлёчы ’грубыя жаночыя чаравікі’ (Касп.), барля́чы (Шат.), ба́рлеч ’чаравік’. Укр. дыял. берля́чі ’зімовыя чаравікі’, польск. berlacze ’зімовыя боты, пантофлі’. Першакрыніца — ням. Bärenlatschen (да Bär ’мядзведзь’, Latsche ’пантофля’, гл. Брукнер, 21). Бел. і ўкр. формы, магчыма, праз польск. мову.

Барліна ’барка, вялікая лодка, баржа, вялікі рачны човен’ (БРС, Янк. I, Маслен., КЭС, лаг.), бэрліна (Бесар., 153). Рус. берли́нка ’від рачнога судна на Дняпры і Сожы’, укр. берли́на, берлі́на ’від чаўна, баржы на Днястры’. Паводле Брукнера, 21; Клюге, Seemannsspr., 88; Корбута, PF, 4, 482, ад назвы месца Berlin (як і назва карэты рус. берли́н). З іншага боку, Гараеў, а за ім і Безлай, Novejše, 10–11, вылучаюць іншую версію (Гараеў: сувязь з польск. berło, укр. берло ’палка, жэзл’; Безлай прыводзіць слав. адпаведнасці: славен. brlȁ ’агароджа, частакол у рацэ’ і да т. п.). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 158.

Барля́ць ’пераліваць, узбоўтваць; працаваць без толку’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. (пск., вяц., ноўгарад.) бурли́ть ’муціць, мяшаць ваду, пераліваць вадкасць’. Гл. бурлі́ць, буры́ць2.

Бармата́ць ’мармытаць, бурчаць пад нос, бурчаць’ (Нас., Касп., Шат.). Рус. бормота́ть, укр. бормота́ти, бормоті́ти, бурмоті́ти. Гукапераймальнага паходжання. Гл. Бернекер, 107; Траўтман, 39; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 195; падрабязна Шанскі, 1, Б, 169. Не абавязкова прымаць першасную форму борботати (якая быццам пасля дысіміляцыі дала борм‑).