Барка́н 1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.
Барка́н 2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.
Барка́н 3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)