Басця́ць ’знеслаўляць каго-небудзь’ (докш., Янк. Мат.). Марфалагічнае новаўтварэнне да бэ́сціць ’тс’ (гл.; там і літ-ра), запазычанага з польскай мовы.
Басы́й ’рыбалоўная пастка ў выглядзе скрынкі ці рэшата з дзіркай у дне для заходу рыбы (ставіцца зімой у палонках)’ (Крыв.). Няяснае слова.
Басэ́тля 1 ’кантрабас, віяланчэль’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., слонім., Яруш., Гарэц., Мядзв.). Запазычанне з польск. basetla ’тс’ (< ням. Basset(t)el). Гл. Брукнер, 17; Кюнэ, Poln., 44.
Басэ́тля 2 жарт. ’вялікая бочка’ (Сцяц.). Пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (адсюль, магчыма, скарачэннем ба́са ’бочка’, гл.).
Басэ́тля 3 жарт., ’мажная жанчына’ (Сцяц.). Метафарычнае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (пераносна таксама ’вялікая бочка’).
Басэ́тля 4 ’басота, басяк’ (Бяльк.). Магчыма, пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас, віяланчэль’, якое метафарычна ўжываецца і як ’вялікая бочка’, і як ’мажная жанчына’. Такі перанос тым больш верагодны, што фанетычна пачатак слова вельмі блізкі да басо́та ’басякі’.
Басю́ры ’гулянка жней за кошт гаспадара’ (Хрэст. дыял., 333). Няяснае слова. Магчыма, ёсць сувязь з словамі тыпу рус. дыял. бу́са́ть ’піць, напівацца’, бусо́й ’п’яны’.
Бася́дла ’сабака’ (Не хадзі, сынок, да басядлы, укусіць — Жд.). Няяснае слова. Зыходзячы з канчатка (‑дла), можа, нейкае запазычанне з польскай мовы (параўн. суфікс ‑dło).
Бат ’бізун’ (Касп., Сцяшк. МГ). Параўн. рус. бат ’дубінка, дручок’, укр. бат ’дручок’, польск. bat ’бізун’, серб.-харв. ба̏т ’дубіна, дручок’, славен. bat ’тс’. Паходжанне слова няяснае. Агляд шматлікіх версій гл. Слаўскі, 1, 28; Фасмер, 1, 133; Рудніцкі, 86; Махэк₂, 41, 48. Параўн. батог.
Батава́ць ’гаварыць; без злосці дакараць за які-небудзь учынак’ (ДАБМ, 921; карта № 320), ’наракаць’ (Янк. I). Здаецца, зыходзіць трэба з семантыкі ’дакараць’. Тады можна думаць пра метафарычнае паходжанне ад *батаваць ’біць, караць’ (бат ’бізун’; параўн. рус. батова́ть ’біць’) → ’дакараць’ → ’гаварыць’.
Бата́лія. Рус. бата́лия, укр. бата́лія. Запазычанне з раманскіх моў (франц. bataille, італ. battaglia), магчыма, праз польскую мову (польск. batalja). Гл. Фасмер, 1, 133; Шанскі, 1, Б, 55. Сюды ж дыял. бата́ля (Шат.) ’звалка, бойка, крык у вялікай спрэчцы’.
Батальён ’птушка турухтан, Philomachus’ (Інстр. II). Бясспрэчна, запазычанне. Параўн. польскую назву птушкі Мachetes pugnax — bataljon, bitny ptak, kapłonek, bojownik (a гэта па паходжанню ідэнтычна слову bataljon < франц. bataillon, італ. battaglione, гл. Варш. сл., 1, 104, 186). Турухтаны вясной (самцы) вельмі ваяўнічыя (апісанне птушкі гл. Фліпт, Птицы, 248–249). У польскай мове гэта, відаць, жартаўлівая назва.