Батальён ’птушка турухтан, Philomachus’ (Інстр. II). Бясспрэчна, запазычанне. Параўн. польскую назву птушкі Мachetes pugnax — bataljon, bitny ptak, kapłonek, bojownik (a гэта па паходжанню ідэнтычна слову bataljon < франц. bataillon, італ. battaglione, гл. Варш. сл., 1, 104, 186). Турухтаны вясной (самцы) вельмі ваяўнічыя (апісанне птушкі гл. Фліпт, Птицы, 248–249). У польскай мове гэта, відаць, жартаўлівая назва.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)