Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сці́хат ’страх’: аж сціхат глядзець (Марц.), сціхо́т ’страх, жах’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Відаць, ад сціх1 з экспрэсіўным суфіксам ‑ат (‑от); да семантыкі параўн. вусціш ’цішыня’ і вусцішна ’жудасна, страшна’ (гл.), а таксама сціхата́, сціхо́цце ’цішыня’ (Сцяшк. Сл.).

Сціха́ць ’супакойвацца, сунімацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сці́хнуць ’перастаць, суняцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), сці́хці ’тс’ (Стан.), сюды ж з іншым варыянтам асновы сціша́ць ’супакоіцца’, сцішэ́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ), сціша́ць ’змяншаць, сунімаць’ (ТС), прыслоўе (дзеепрыслоўе?) сці́ха ’ціха (у песнях)’: це́пла рэ́чка невелі́чка, це́кла вона́ сці́ха (ПСл), ’ціхенька, паціху’ (Нас., Бяльк.), сці́ха ’тс’ (Барад.; ашм., Стан.), якія звычайна разглядаюцца як утвораныя ад прыметнікаў ці назоўнікаў у Р. скл. з прыст. с‑, гл. Карскі 2-3, 75; Шуба, Прыслоўе, 126 і наст. Гл. ціхі, ціш.

Сціць ’шанаваць, паважаць’ (Стан.), ст.-бел. учсты ’выказаць пашану, павагу’ (Статут 1529, 1588). Рэканструяваны Станкевічам на падставе старабеларускіх форм дзеяслоў, гл. чціць ’шанаваць’ (Некр. і Байк.); паводле Карскага (1, 201), аналагічна стараж.-рус. чьсти з пропускам цяжкавымаўляльнага с дае ў ст.-бел. чсты, цти, чти. Гл. чэсць.

Сці́шна ’страшнавата’ (Адм., Дзямід.), ’ціха’ (навагр., Сл. ПЗБ), сці́шнасць ’некаторы страх’ (Стан.), сці́шны ’вельмі ціхі’ (Адм.). Да сцішэць, сціхаць (гл.); да семантыкі параўн. вусцішна, сціхат, гл.

Сці-сці ’падзыўныя для авечак’ (петрык., ДАБМ, камент., 896). Няясна, магчыма, ісці (гл.), параўн. сьці ’ісці’ (Стан.).