Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ску́сны ‘смачны’ (Нас., Ян.), ску́сна ‘смачна’ (Бяльк., Растарг.). Запазычана з рус. вкусный ‘тс’ вусным шляхам, параўн. заўвагу Растаргуева: “преимущ. в городской речи… в деревнях смашна” (Растарг., 244).

Скусо́рыцца (скусо́рицца) ‘коса глядзець на каго-небудзь’ (Шымк. Собр.). У выніку перастаноўкі галосных, гл. скасурыцца.

Скут ‘скрутак, кавалак палатна, прызначаны для бялення’ (Касп.; астрав., глыб., шуміл., калінк., Сл. ПЗБ; Уладз.; сен., Сл. нар. фраз.; ЛА, 4, Нік. Очерки), ‘кавалак, абрэзак палатна’ (Сл. рэг. лекс.), ску́так ‘акравак; скрутак палатна’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘палатно, якім кума пакрывала дзіця пры абрадзе хрышчэння’ (хойн., Арх. ГУ), скуто́к ‘скрутак палатна’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. скут ‘жаночае зімовае паліто на ваце’, ц.-слав. скутъ Бярында тлумачыць одѣ(н)е, а Зізаній ве(р)хнее одѣніе, рус. паўн.-усх. ску́ты ‘цёплыя анучы’, ст.-рус. скутъ ‘кавалак тканіны; верхняя вопратка’, старое н.-луж. skut ‘шматок, акравак’, серб.-ц.-слав. ску̑тъ ‘крысо адзежы’, серб.-харв. ску̑т ‘край, падол’, балг., макед. скут ‘крысо, шляк адзежы’. Прасл. *skutъ. Лічыцца запазычаннем з ст.-герм.; параўн. гоц. skaut(s) ‘край, вугал, шляк’, ст.-ісл. skauti м. ‘чатырохвугольны кавалак тканіны’, нарв. skaut ‘жаночая хустка’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 201; Праабражэнскі, 2, 316; Фасмер, 3, 663; Скок, 3, 275. Брукнер (186) супастаўляў славянскае слова з хуста (гл.) і літ. skíautė ‘аскравак, абрэзак’, Фасмер (там жа) лічыць гэта непрымальным, як і версію Даля і Кіпарскага (там жа) з хутаць (гл.), што вельмі верагодна, параўн. скутаць ‘ухутаць, уцяпліць’ (Нас.) пры сувой (да віць, гл.) ‘скрутак палатна’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 812–813. Лінгвагеаграфія і семантыка не даюць падстаў лічыць запазычаннем з літ. skùtas ‘кавалак палатна’, як гэта мяркуюць аўтары Сл. ПЗБ (4, 474).

Ску́так1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыць ‘сумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëc ‘енчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Ску́ф’я ‘спічастая шапка з чорнага або фіялетавага аксаміту ў праваслаўнага духавенства, манахаў’ (ТСБМ). Стараж.-рус. скуфия, датуецца 1347 г. (Сразнеўскі, 3, 399). Запазычанне праз пасрэдніцтва с.-грэч. σκούφια з іт. scuffia ‘шапка’, якое, відаць, германскага паходжання; гл. Фасмер, 3, 663; БЕР, 6, 815. Для беларускага слова магчыма запазычанне з рус. ску́фья ‘тс’.

Скучуры́жыцца ‘акачурыцца’ (Бяльк.). Ад *кучурыга, параўн. рус. кочеры́га ‘качан, храпка’ па мадэлі акачурыцца.