Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Завод1 ’прамысловае прадпрыемства’. Рус., укр. заво́д, чэш., славац. závod, в.-луж. zawod, балг. заво́д (< рус.), макед. завод ’тс’, ’установа’, серб.-харв., славен. závod ’установа’, ’інстытут, выхаваўчая арганізацыя’, чэш. závod ’інстытут’, бел., рус., укр. заво́д ’гаспадарка па развядзенню жывёлы’. У іншых слав. мовах вядомы яшчэ некаторыя значэнні лексемы: польск. zawód ’прафесія’, ’абман’ (і ў славен.), ’спаборніцтва’ (і ў славац.), ’пары’ (н.-луж.), ’уводзіны’ (в.-луж.), ’запіс, увядзенне’ (серб.-харв.), ’частка лесу’ (славен.), ’звычай’ (рус., укр., чэш.) і інш. Параўн. і завод2. Прасл. zavodъ (Копечны, Zákl. zásoba, 424), відаць, азначала ’тое, што заведзена’ і ўтворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zaved + ti. Шляхам семантычнай спецыялізацыі замацоўваюцца розныя значэнні. Магчыма, што рус. значэнне ’прамысловае прадпрыемства’ (з пачатку XVII ст.) аказала ўздзеянне на іншыя мовы, але не выключана і паралельнае развіццё. Шанскі, 2, З, 19; БЕР, 1, 567. Пра завод ’звычай’ гл. Бернар, Зб. Раманскаму, 356.

Заво́д2 ’прыстасаванне ў механізме, што прыводзіць яго ў дзеянне’, ’тэрмін яго дзеяння’. Рус., укр. заво́д ’тс’; ці сюды славен. závod ’частка вадзянога млына, у якую паступае вада’? Як і завод1, замацаванне асобных значэнняў лексемы, у тым ліку вядомых ст.-рус., прычым для бел., як і для завод1, не выключаны рус. уплыў на гэта замацаванне. Зыходнае значэнне ў адрозненне ад завод1 ’тое, што прыводзіць у дзеянне’.

Заво́зна ’многа’. Рус. дыял. заво́зно ’тс’, укр. заві́зно ’многа; цяжка’, польск. zawoźno ’многа (асабліва ў млыне)’. Шлях утварэння даволі складаны: завозна < завозны < завоз < завезці < везці (гл.), прычым адбываліся і пэўныя семантычныя змены.

Заво́са ’жалезная скобка, прымацаваная да падушкі восі, каб калясо не ўрэзвалася ў яе (вось)’ (Нас.). Параўн. рус. арханг. зао́сок ’аснова з дрэва, на якой замацоўваецца жалезная частка восі’, польск. zaośnik ’дэталь воза’. Відавочная сувязь з за і вось (гл.) не дае, аднак, яснасці наконт шляху словаўтварэння: канчатак ‑а ўказвае хутчэй на бязафіксны аддзеяслоўны наз., чым на прэфіксальны (параўн. заплот, запазуха), мадэль за + аснова + а не адзначаецца. Можа, адлюстроўвае воса < вось? Ці не падвядзенне пад «мадэль» атоса (гл.)?

За́вуч ’загадчык навучальнай часткі школы’. З рус. за́вуч ’тс’ — абрэвіятура сав. часу ад заведующий учебной частью (работой).

Завы́ек ’патыліца’ (Нас.), завы́к (Касп.; форма завы́ск у Касп., відаць, памылка замест завы́ек). Рус. смал., цвяр., пск., калуж. завы́ек, польск. дыял. zawyjek ’тс’. Утворана ад выя ’шыя’ (гл.) з конфіксам за‑ек, магчыма, яшчэ ў ст.-рус.

Зага́д ’распарадженне’. Рус. дыял. зага́д, кур., арл., смал., калуж., уладз., ’тое, што загадана, задума, намер’, смал., зах. ’распараджэнне, наказ’. Бязафіксны наз. ад дзеяслова загадаць ’мець намер’ > ’даручаць’ > ’наказаць, распараджацца’. Толькі ў бел. літар. мове замацавалася знач. ’афіцыйнае распарадженне’, прычым яно звязана з адпаведным значэннем у дзеяслова, а таму замацаванне, відаць, адбывалася адначасова ў дзеяслове і назоўніку. Яшчэ ў Насовіча зага́ды ’затеи, выдумки’, зага́дываць ’затевать’, ’повелевать, управлять, распоряжаться’, зага́дчык ’затейщик’, ’распорядитель’, зага́дны ’затейливый, загадочный’. Таму верагодна, што замацаванне сучасных значэнняў адбывалася ў асноўным у сав. час.

За́гадзя, драг. завгы́дь, загоді́в (З нар. сл.). Рус., укр. за́годя ’тс’. У выніку адвербіялізацыі дзеепрыслоўя да дзеяслова загодити ў ст.-рус. (Шуба, Прыслоўе, 178).

Зага́на ’недахоп’, ’выгавар’, дыял. маг. загу́на ’асуджэнне’ (Юрч.). Рус. смал. зага́на ’недахоп’, ’пакаранне’. Бязафіксны аддзеяслоўны (ад *заганіць, параўн. укр. зага́нити ’асудзіць’) назоўнік. Гл. ганьба.

Загла́духа ’зайздросніца’ (Сцяшк.). Параўн. рус. урал. загла́д ’верхавод’, загла́дка ’апошняя смачная ежа’, заглядчик ’той, хто падглядвае’. Не выклікае сумненняў суфікс ‑уха і дзеяслоўны прэфікс за‑, але няясны корань. Калі гляд‑ зразумела семантычна ад заглядваць > ’зайздросціць’ (той жа ход, што зайздросціць, завідаваць, гл. гэтыя словы), тады пераход лʼ > л і націск незразумелыя. Калі ж ад глад‑ (параўн. гладкі), патрабуе тлумачэння семантычны бок.

Загло́ба ’зайздроснік’ (Касп.) з польск. zagłoba ’гультай’, якое тлумачыцца як перанос з zagłoba ’перашкода’ ад zagłobić ’заклініць’ (Брукнер, 643).