Зайздросціць ’перажываць раздражненне, выкліканае перавагай іншых’. Рус. беламор., арханг., пячор, за́здрить ’убачыць’, паўн.-дзвін. зазрить ’лічыць ганебным’, укр. за́здрити ’зайздросціць’, за́здріти ’пабачыць’, польск. zazdrościć ’зайздросціць’, чэш. zazřiti ’убачыць’, славац. zazrieť ’глянуць, убачыць; глянуць варожа’, дыял. zazrosť, zazdrost ’зайздрасць’, славен. zazréti ’ўбачыць’, серб.-харв. за̀зрети ’убачыць; спужацца; выказаць незадавальненне’; параўн. балг. за̀зор ’сорам, жах’, макед. зазор ’сорам’. Ст.-слав. зазьрѣти ’злавацца, дакараць, абурацца’. Ст.-рус. зазьрѣти ’убачыць’ (XI ст.), ’зайздросціць’ (XII ст.), ’дакараць’ (XI ст.), Бел. форма, відаць, з польск. з устаўным ‑й‑. У ст.-бел. з XVI ст.: зайздрость, заздрость (Крыўчык, Труды яз., 39). Польск. zazdrościć утворана ад наз. zazdrość, што ў сваю чаргу утвораны ад дзеясловаў, прадстаўленнях формамі тыпу рус. дыял. зазрить, заздрить (дзе ‑д‑ устаўное), якія выніклі шляхам прэфіксацыі дзеяслова zьrěti ’глядзець’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)