Віртуо́з ’артыст, які дасканала валодае тэхнікай свайго майстэрства’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. виртуо́з (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. virtuose < іт. virtuoso ’выдатны, моцны, дабрачынны’ (Шанскі, 1, В, 103–104). Фасмер (1, 319 выводзіць рус. лексему з іт. virtuoso < лац. virtus ’дабрачыннасць’. Сюды ж віртуозны, віртуознасць.
Віруле́нтнасць ’сукупнасць хваробатворных уласцівасцей; узбуджальнік заразных хвароб’ (БРС, КТС) запазычана з рус. вирулентность ’тс’, якое паходзіць з лац. virulentus ’ядавіты’. Сюды ж вірулентны.
Ві́рус ’дробныя мікраарганізмы, якія выклікаюць заразныя захворванні’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88) < лац. virus ’яд, слізь, вязкая вадкасць, сок’. У значэнні ’вірус’ рус. слова ўжываецца з канца XIX ст.; да гэтага часу лац. virus азначала ’яд’; ’арганізм, які перадаваў хваробу пры непасрэдным кантакце’ (Шанскі, 1, В, 104). Сюды ж вірусны, вірусалогія.
Віру́тнік ’узбаламучаны, кручаны, неўраўнаважаны’ (барыс., Янк. I, Янк. БФ); ’злачынец, злодзей, разбойнік’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. верутный, вирутный ’заўзяты, страшэнны’ (з XVII ст.), ст.-укр. вѣрутний, вирутний ’тс’, польск. wierutny ’які мае адмоўныя ўласцівасці’. Магчыма, сюды ж балг. вироглав ’наравісты, капрызны; упарты, неслухмяны’. Звязана з ві́р 1, а не запазычана з польск. мовы, як сцвярджае Булыка (Запазыч., 60).
*Вірхала́с, вірхьла́сіна, вірхьла́ска ’свавольнік’ (міёр., З нар. сл.). Да верхалаз, верх (гл.).
Вірхняк ’бэлька’ (карм., Мат. Гом.). Да вярхня́к (гл.).
Вірш ’віншавальны верш’ (КТС), ст.-бел. виршъ (з XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. wirsz ’радок, верш’ < лац. versus ’радок, верш, баразна, штрых’ (Булыка, Запазыч., 61) < лац. verto (Брукнер, 617).
Вірыдува́ць ’шалець, здзекавацца, самаўпраўнічаць’ (Юрч.). Да верадзі́ць (гл.), якое было пашырана суф. ‑ува‑ (‑ава). Параўн. укр. вередува́ти ’капрызіць’, рус. паўд. смал. вередова́ть ’тс’. Гл. таксама вірадаваць.
*Вірыплан ’самалёт’ (Яўс.), сюды ж уст. зэльв. вераплан, вяраплан, яраплан (Сцяц.) — сапсаваная народная форма ад аэраплан, якая запазычана, відаць, з рус. мовы (рус. аэроплан < франц. aéroplane < франц. air ’паветра’ і planer ’лунаць’) (Даза, 14; Шанскі, 1, А, 182).
Вірысты: вірыстая рака ’віравы, дзе многа віроў’ (КТС). Бел. рэгіянальнае ўтварэнне ад назоўніка вір 1 (гл.) і суф. ‑іст‑ы.