Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Балбата́ць ’гаварыць, балбатаць; крычаць, як індыйскі певень’ (Сцяшк. МГ, Нас., Касп., Шат.). Параўн. укр. (валын.) балбута ’балбатун, пустаслоў, балагур’, укр. болбота́ти, бовботати, польск. balbotać, bałbotać, bełbotać, рус. дыял. (зах.) болбота́ть, славац. blbotať (і далей чэш. bláboliti, blaboniti ’балбатаць’). Слав. bъlb‑ ’балбатаць’. Параўн. і літ. balbė́ti, blabė́ti, blebė́ti і г. д. (гл. Фрэнкель, 31; там і паралелі да іншых слав. падобных слоў). Але бел. форма не можа фанетычна паходзіць з *bъlb‑ (было б *баўбатаць). Рэдукцыяй (сінкопа) з *балабатаць (да *bolb‑ > болоб‑)? Не выключаецца, паколькі словы гукапераймальныя, што тут спецыфічная фанетыка (захавалася л). Можна таксама думаць пра пранікненне форм з ‑л‑ (замест ‑ў‑) з усх.-бел. гаворак, дзе магчымы ўплывы рускай фанетыкі. Літ-py гл. пад балабо́ніць. Сюды і балбату́хі ’грыбы, прыгодныя для ежы, рыжыкі’ (да семантыкі параўн. гавару́шкі, гл.). Некаторыя вытворныя маюць дакладныя паралелі ў літ. мове: бел. балбату́н, рус. (зах.) балбату́н, балботу́н: літ. balbatū̃nas (гл. Фрэнкель, там жа).

Балберка ’паплавок’ (З жыцця). Рус. балбе́ра, балбе́рка, балби́рка, укр. балбе́ра, балби́ра, балбе́рка, барбе́ра ’тс’. Слова цёмнага паходжання. Кузеля–Чайкоўскі (Словар, 34) лічыць, што гэта запазычанне з усх. моў. Вельмі няпэўна. Хутчэй да асновы *балаб‑, *балб‑ ’штосьці круглае, круглячок’.

Балбе́с ’дурны’ (Нас., Касп.). Рус. балбе́с. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. казах. bilbes, тур., тат. bilmäs ’ён не ведае’). Бернекер, 40; Праабражэнскі, 1, 14; Фасмер, 1, 114. Параўн. яшчэ Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18; Шанскі, 1, Б, 22 (тут удакладненні). Бел. слова, відавочна, запазычана праз пасрэдніцтва рус. мовы.

Балбо́с лаянкавае слова’ (Нас.). Відавочна, кантамінаванае ўтварэнне. Параўн. балбе́с, байбос, балабо́с (’балбатун’). Аднак не выключаецца, што гэта проста балабо́с (з рэдукцыяй ненаціскнога галоснага) яўрэй — гаспадар дома’ (гл.).

Балбу́ка падскурная нарасць на целе або на кары дрэва’ (Нас.). Рус. дыял. (зах.) балбу́ка ’тс’. Утварэнне (з аугментатыўным суфіксам ‑ука) ад асновы балб‑ (не вельмі яснага паходжання, параўн. балбе́рка), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў.

Балвака ’дурань’ (Інстр. лекс.). Трансфармацыя першапачатковага балва́н ’дурань’ (гл.), якое, відавочна, успрымалася як суфіксальнае (‑ан), далучэннем аугментатыўнага (пейаратыўнага) суфікса ‑ака.

Балва́н1 ’балван’ (Касп., Шат., Сержп.), ст.-бел. болван (Гіст. лекс., 140), болван, балван (Бярында). Параўн. яшчэ балва́н ’драўляны слуп пры печы; слуп наогул’ (Нас.). Рус. болва́н, укр. бовв́ан, серб.-харв. ба̀лван і г. д. Прасл. bъlvanъ, bal(ъ)vanъ. Слова няяснага паходжання. Падрабязны агляд шматлікіх версій гл. Фасмер, 1, 186–187. Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 154–155. Не выключаецца, што ёсць сувязь з ням. дыял. (альпійскім) Balwe, Balme ’скала’ (так Мацэнаўэр, Cizí sl., 18). Бел. форма не можа паходзіць непасрэдна ад *bъlvanъ (іначай было б *баўван, параўн. укр. бовва́н). Гэта запазычанне з рус. або хутчэй польск. (bałwan; параўн. і ст.-бел. балван). Гл. яшчэ Мартынаў, Зб. Крапіве, 211.

Балва́н2 ’дурань’ (Нас., Касп., Шат., Сцяц.). Рус. болва́н, укр. бовва́н. Старая метафара ’балван, статуй’ → ’дурань’, што мае месца, як здаецца, толькі ва ўсх.-слав. мовах. Форма ба́лван (Нас.), мабыць, адлюстроўвае польск. bałwan.

Балва́н3 ’снежная баба’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’. Акрамя геаграфіі слова (зах. бел. гаворкі), да гэтага меркавання вядзе і тое, што прасл. слова ў зах.паўд.) слав. мовах азначае ’скала, камень, глыба, снежная баба, воблака і да т. п.’

Балва́н4 ’воблака’ (Янук.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’ (да аргументацыі гл. балван3).

Балванець ’ледзь віднецца’ (Інстр. лекс.). Рус. дыял. (дан. і зах.) балване́ть, болване́ть ’світаць; ледзь віднецца’, укр. боввані́ти ’ледзь віднецца’. Усх.-слав. утварэнне ад *bъlvanъ ’балван, грамада і да т. п.’ Беларуская форма выклікае сумненне, бо яўна нефанетычная. Запазычанне? Гл. яшчэ Мартынаў, Зб. Крапіве, 211.

Балва́нка ’балванка’ (БРС), ’бервяно для шпал’ (Шат.). Рус. болва́нка. У бел. мове бясспрэчнае (параўн. фанетыку!) запазычанне з рус. мовы (дзе яно з’яўляецца вытворным ад болва́н, гл. балва́н1).

Балвохва́льство ’ідаласлужэнне’ (Нас.). Ст.-бел. балвохвалство, балвофалство (Нас. гіст., Булыка, Запазыч.), Бярында, 208: болвохва́лство. Ст.-укр. балвохвалство, балвофалство ’тс’. Запазычанне з польск. bałwochwalstwo ’тс’. Параўн. таксама ст.-бел. (Бярында, 208) болвохвалца ’ідалапаклоннік’, таксама балвохвалца (Булыка, Запазыч.), ст.-укр. балвохвалца, балвофалца < польск. bałwochwalca (а гэта з bałwanochwalca, Брукнер, 12–13). Цімчанка, 53.