Балва́н 1 ’балван’ (Касп., Шат., Сержп.), ст.-бел. болван (Гіст. лекс., 140), болван, балван (Бярында). Параўн. яшчэ балва́н ’драўляны слуп пры печы; слуп наогул’ (Нас.). Рус. болва́н, укр. бовв́ан, серб.-харв. ба̀лван і г. д. Прасл. bъlvanъ, bal(ъ)vanъ. Слова няяснага паходжання. Падрабязны агляд шматлікіх версій гл. Фасмер, 1, 186–187. Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 154–155. Не выключаецца, што ёсць сувязь з ням. дыял. (альпійскім) Balwe, Balme ’скала’ (так Мацэнаўэр, Cizí sl., 18). Бел. форма не можа паходзіць непасрэдна ад *bъlvanъ (іначай было б *баўван, параўн. укр. бовва́н). Гэта запазычанне з рус. або хутчэй польск. (bałwan; параўн. і ст.-бел. балван). Гл. яшчэ Мартынаў, Зб. Крапіве, 211.
Балва́н 2 ’дурань’ (Нас., Касп., Шат., Сцяц.). Рус. болва́н, укр. бовва́н. Старая метафара ’балван, статуй’ → ’дурань’, што мае месца, як здаецца, толькі ва ўсх.-слав. мовах. Форма ба́лван (Нас.), мабыць, адлюстроўвае польск. bałwan.
Балва́н 3 ’снежная баба’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’. Акрамя геаграфіі слова (зах. бел. гаворкі), да гэтага меркавання вядзе і тое, што прасл. слова ў зах. (і паўд.) слав. мовах азначае ’скала, камень, глыба, снежная баба, воблака і да т. п.’
Балва́н 4 ’воблака’ (Янук.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’ (да аргументацыі гл. балван 3).