Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свіні́ца ‘свіная вош’ (ТС). Ад прыметніка свіны (гл.) з суф. ‑іц(а). Параўн. балг. свини́ца ‘тс’, а таксама назвы раслін, падобных на свінакроп (гл.).

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Свіння́1 ‘парнакапытная млекакормячая жывёліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), свіня́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Цых.) свінья́ ‘тс’ (ТС). Укр. свиня, рус. свинья́, ст.-рус. свинья, польск. świnia, в.-луж. swinjo, н.-луж. swinja, чэш. svině, славац. sviňa, серб.-харв. сви́ња, славен. svínja, балг. свиня́, макед. свиња. Прасл. *svinьja, дэрыват ад прыметніка ж. р. *svini < прасл. *svinъ (гл. свіны), якому адпавядае лац. suīnus ‘свіны, свінячы’. Паводле Крэтава (Этимология–1994–1996), адбылася падвойная субстантывацыя: спачатку прыметніка *svinъ, ад якога пры дапамозе суф. ‑ьj‑ утвораны прыметнік свин‑ьj‑, субстантывацыя якога ў ж. р. дала назоўнік свинья. Гл. Фасмер, 3, 579; Слаўскі, SP, 1 , 84; Шустар-Шэўц, 1387–1388; Борысь, 623; Сной₁, 624; БЕР, 6, 551. Агляд апошніх меркаванняў гл. Жураўлёў, Язык и миф, 383–384.

Свіння́2 ‘скляпенне ў печы’ (Мат. Маг. 2, Мат. Гом.), свы́нка, свэ́нка ‘частка дымахода паміж чалеснікамі і комінам’ (Сл. Брэс., Шушк.). Відавочна, ад свіння1, параўн. рус. дыял. свинья́ ‘частка дымахода на гары, якая злучае печ з комінам’, інакш бо́ров, бо напамінае ляжачую свінню, параўн. таксама кабыла2 (гл.).

Сві́нтус ‘брудны, неахайны чалавек; няўдзячны чалавек’ (ТСБМ), сві́нту́х, свінтуха́йла ‘неахайны чалавек’ (Нас., Бяльк.), сві́нтух і свінту́х ‘тс’ (ТС). Рус. сви́нтус, сви́нтух ‘тс’, укр. сви́нтус, свинту́х ‘тс’, польск. świntuch ‘неахайны чалавек’. Паводле Зяленіна (РФВ, 54, 116), ад свіння (гл.) з лацінізаванай фіналлю ‑тус, што, зрэшты, не выключае першаснага ўтварэння на ‑ус, параўн. ду́рус ‘дурніла’, параўн. таксама абдзіртус, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 65, 70. У свінтух славянскі суф. ‑тух (< *‑tuchъ), які ўтварае пеяратывы і аугментатывы; гл. Карскі 2-3, 30; Слаўскі, SP, 1, 74.

Свіну́х ‘хлеў для свіней’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), свіну́шнік ‘тс’ (ТСБМ, ТС). Ад свіны (гл.) па тыпу катух, гл.

Свіну́ха1 ‘баркун белы, Melilotus albus Desr.’ (Кіс., Мат. Гом.), ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (Кіс.), свінну́ха ‘сівец, Nardus stricta L.’ (Касп., Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс., ЛА, 1), свінну́х ‘рыжая трава, якая расце на ўзгорках’ (Мат. Маг.), свіну́х ‘сена з сухадольнай сенажаці’ (клім., ЛА, 2), свіне́ц ‘нейкая трава’ (ТС), сві́нская трава́ ‘расліна спарыш’ (Сл. ПЗБ). Рус. свіну́ха ‘драсён, Polygonum arenarium Wald.’, свіна́я трава́ ‘драсён птушыны’, польск. świńska trawa ‘тс’. Ад асновы свін‑ (гл. свіны); семантычная сувязь можа быць дваякай: або трава выкарыстоўваецца на корм свінням, або з-за яе шорсткасці, што прыпамінае свіную шчаціну, параўн. народную назву сіўца — чортава барада (Кіс.).

Свіну́ха2 ‘грыб сямейства свінухавых з пласціністай шапкай жоўтага, бурага, лілова-шэрага колеру; свінарка, свінушка’ (ТСБМ, Нар. словатв., Мат. Гом.), свіні́цы ‘тс’ (ТС), сюды ж свіна́ркі, сві́нкі, сві́нні (Мат. Гом.), сві́нкі (Нік., Оч., Мат. Маг.), сві́нка (Нар. словатв.), свіну́шка ‘падгруздак’ (Сл. ПЗБ), сві́ня ‘падгруздак белы’ (Нар. словатв.), а таксама сівая свіння, чорная свіння, свінскі грыб ‘грыбы Russula nigricans Fr., adusta Fr.’ (Сярж.–Яшк.). Рус. свину́х, свину́ха, свину́шка ‘свінуха’. Ад свіны (гл.) з рознымі суф. або перанос з назвы жывёліны; гл. Мяркулава, Очерки, 154, 157. Семантычная матывацыя можа быць шматаспектнай: па падабенстве (з лычом свінні) або з-за малаўжывальнасці грыба.

Свіны́ ‘які мае адносіны да свінні’, ‘свінячы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Скарбы, Сл. ПЗБ), сьвінны́ ‘тс’ (Ласт.). Укр. свини́й, рус. свино́й, ст.-слав. свинъ. Прасл. *svinъ з’яўляецца кантынуантам і.-е. *su̯īno‑ ‘які належыць да свінні, свінскі’ (Борысь, 624), утворана ад і.-е. *sūs ‘свіння’ і адпавядае лац. suīnus ‘свіны’, гоц. swein н. р. ‘свіння’, грэч. ΰινος ‘свіны’, ст.-інд. sūkarás ‘свіння’, авест. hū‑ ‘парсюк’, лац. sūs, англасакс. ‘парася’, алб. thi ‘свіння’, лат. suvẽnş, sivẽnş ‘парася’; гл. Траўтман, 294; Фасмер, 3, 578. Большасць даследчыкаў (гл. напрыклад Вальдэ-Гофман, 2, 636; Брукнер, 537; Фасмер, 3, 579; Майргофер, 3, 490) лічаць і.-е. *sūs дэрыватам ад гукапераймальнага *su‑, тады ст.-інд. sūkarás азначае ‘жывёліна, якая робіць su‑’. Паводле іншых аўтараў (Уленбек, 339; Махэк₂, 596 і наст.), і.-е. *sūs роднаснае ст.-інд. sútē, sāuti, súyatē ‘нараджае’, і.-е. *seu‑ ‘нараджаць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1388; Сной₁, 624; БЕР, 6, 548; Борысь, 623–624. Сюды ж свіны татко: сагнуўса бы свіны татко (Сержп. Прымхі), дзе прыметнік мае хутчэй за ўсё прыніжальнае (пагарджальнае) значэнне.

Свіня́тла (свиня́тло) ‘доўгая жардзіна, што злучае задок і перадок воза, у задняй частцы раздвоеная і замацаваная ў насадзе’ (Маслен.). Гл. суня́тла.

Свір ‘вага ў студні з жураўлём’ (Касп.; швянч., ігн., Сл. ПЗБ). Параўноўваецца з літ. svir̃tis ‘калодзежны журавель’. Гл. свер, асвер; варыянтнасць вакалізму тлумачыцца запазычаннем з розных крыніц (гл. Анікін, Опыт, 91) і адлюстроўвае аблаўтныя адносіны ў балтыйскіх мовах (Краўчук, Лекс. балтызмы, 15).

Сві́ран ‘халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад.’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), сві́ран, свіро́н, све́ран, сві́рнік, свы́ран, св́ірань, све́рэнь, свірн ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ДАБМ), ст.-бел. свирен, свѣрон ‘тс’ (1499). Укр. сві́рон, рус. зах. свирён, сви́рон, пск. сви́рна, польск. усх. świren, świrnia ‘тс’. Запазычанне з літ. svìrna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’, svir̃nas ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 135, Труды, 396–397; Брукнер, 537. Магчымасць польскага пасрэдніцтва для часткі форм (польск. ‑ier‑ < ‑ir‑) ставіцца пад сумненне, параўн. польск. świronek ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 55). Адносна канкурэнцыі назваў клець і свіран гл. падрабязна Анікін, Опыт, 273. Агляд праблематыкі і літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22.