Свіну́ха 1 ‘баркун белы, Melilotus albus Desr.’ (Кіс., Мат. Гом.), ‘драсён птушыны, Polygonum aviculare L.’ (Кіс.), свінну́ха ‘сівец, Nardus stricta L.’ (Касп., Сл. ПЗБ, Шатал., Нар. лекс., ЛА, 1), свінну́х ‘рыжая трава, якая расце на ўзгорках’ (Мат. Маг.), свіну́х ‘сена з сухадольнай сенажаці’ (клім., ЛА, 2), свіне́ц ‘нейкая трава’ (ТС), сві́нская трава́ ‘расліна спарыш’ (Сл. ПЗБ). Рус. свіну́ха ‘драсён, Polygonum arenarium Wald.’, свіна́я трава́ ‘драсён птушыны’, польск. świńska trawa ‘тс’. Ад асновы свін‑ (гл. свіны); семантычная сувязь можа быць дваякай: або трава выкарыстоўваецца на корм свінням, або з-за яе шорсткасці, што прыпамінае свіную шчаціну, параўн. народную назву сіўца — чортава барада (Кіс.).
Свіну́ха 2 ‘грыб сямейства свінухавых з пласціністай шапкай жоўтага, бурага, лілова-шэрага колеру; свінарка, свінушка’ (ТСБМ, Нар. словатв., Мат. Гом.), свіні́цы ‘тс’ (ТС), сюды ж свіна́ркі, сві́нкі, сві́нні (Мат. Гом.), сві́нкі (Нік., Оч., Мат. Маг.), сві́нка (Нар. словатв.), свіну́шка ‘падгруздак’ (Сл. ПЗБ), сві́ня ‘падгруздак белы’ (Нар. словатв.), а таксама сівая свіння, чорная свіння, свінскі грыб ‘грыбы Russula nigricans Fr., adusta Fr.’ (Сярж.–Яшк.). Рус. свину́х, свину́ха, свину́шка ‘свінуха’. Ад свіны (гл.) з рознымі суф. або перанос з назвы жывёліны; гл. Мяркулава, Очерки, 154, 157. Семантычная матывацыя можа быць шматаспектнай: па падабенстве (з лычом свінні) або з-за малаўжывальнасці грыба.