Свіння́1 ‘парнакапытная млекакормячая жывёліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), свіня́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Цых.) свінья́ ‘тс’ (ТС). Укр. свиня, рус. свинья́, ст.-рус. свинья, польск. świnia, в.-луж. swinjo, н.-луж. swinja, чэш. svině, славац. sviňa, серб.-харв. сви́ња, славен. svínja, балг. свиня́, макед. свиња. Прасл. *svinьja, дэрыват ад прыметніка ж. р. *svini < прасл. *svinъ (гл. свіны), якому адпавядае лац. suīnus ‘свіны, свінячы’. Паводле Крэтава (Этимология–1994–1996), адбылася падвойная субстантывацыя: спачатку прыметніка *svinъ, ад якога пры дапамозе суф. ‑ьj‑ утвораны прыметнік свин‑ьj‑, субстантывацыя якога ў ж. р. дала назоўнік свинья. Гл. Фасмер, 3, 579; Слаўскі, SP, 1 , 84; Шустар-Шэўц, 1387–1388; Борысь, 623; Сной₁, 624; БЕР, 6, 551. Агляд апошніх меркаванняў гл. Жураўлёў, Язык и миф, 383–384.

Свіння́2 ‘скляпенне ў печы’ (Мат. Маг. 2, Мат. Гом.), свы́нка, свэ́нка ‘частка дымахода паміж чалеснікамі і комінам’ (Сл. Брэс., Шушк.). Відавочна, ад свіння1, параўн. рус. дыял. свинья́ ‘частка дымахода на гары, якая злучае печ з комінам’, інакш бо́ров, бо напамінае ляжачую свінню, параўн. таксама кабыла2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)