Прасна́к, прасно́к, прасну́шка, прасня́к, прасны́к, прысне́к ’тоўсты блін з прэснага цеста’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп., Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’ляпёшка з хлебнага цеста’ (Бяльк.). Больш падрабязна аб значэннях слова і іх лакалізацыі гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 115. Слова мае агульнаславянскае распаўсюджанне: укр. прісня́к ’праснак, пірог з прэснага цеста’, рус. прасня́к, пресно́к ’прэсны хлеб, пірог, ляпёшка’, польск. przaśnik, przaśniak ’прэсны хлеб’, чэш. přesňak ’ляпёшка з няквашанага цеста’, серб.-харв. prèsnik, пре́снац, пре́сница ’прэсны хлеб; прэснае салодкае пячэнне’, славен. presnec ’сквашаны хлеб’, балг. пресни́к ’прэсны хлеб’, макед. праснег, преснец, пресник ’від пірага з падсушаных каржоў, складзеных адзін на адзін’. Суфіксальныя дэрываты ад *prьsnъ ’прэсны’ (гл. Вештарт, там жа). Параўн. таксама апрэспік.
Пра́сніца ’прыстасаванне, да якога прывязваецца кудзеля пры прадзенні’ (ТСБМ, Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; карм., Мат. Гом., Бяльк., Влад.), пра́сліца ’тс’ (Касп., Шат., Влад.), пра́ліца (Сл. ПЗБ; рас., Шатал.), рус. пря́сница, пря́слица, польск. przęślica, чэш. přeslice, славац. praslica, серб.-харв. пре̏слица, славен. préslica. Прасл. *pręsnica (Трубачоў, Этимология–1963, 20) і *pręslica (Махэк₂, 494). Утварэнні з рознымі суф. ад *pręsti, prędǫ (гл. прасці).
Прасо́л ’расол’ (Юрч. Фраз. 1), ’засол’ (Ян.), ’ляк у селядцах’ (Вешт.), прасуол ’булён’ (Федар. 7), пра́саль ’расол’ (пух., Сл. ПЗБ). Укр. просі́л ’салёная рыба, род халоднай стравы з салёнай рыбы’, рус. просо́л, про́соль ’лёгкі, свежы засол’, ’усё, што засольваецца ў запас: сала, рыба, гародніна’, серб.-харв. préso ’сок, у якім захоўваецца сыр’, славен. présol ’расол, лях’, балг. прясул ’падсоленая вада для захоўвання брынзы або салёнай гародніны’, макед. пресол ’тс’. Прасл. *persolъ. Да саліць. Семантычная палеска-паўднёваславянская паралель (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 128).
Праспе́кт 1 ’вялікая, шырокая вуліца ў горадзе’ (ТСБМ). З рус. проспе́кт ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) якое, як мяркуюць, праз ням. Prospekt ’від, перспектыва’ ўзыходзіць да лац. prōspectus ’від’, аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 379. Ст.-бел. проспектъ ’агляд’ < польск. prospekt ’тс’ (Булыка, Запазыч., 267).
Праспе́кт 2 ’падрабязны план, змест’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. проспе́кт ’тс’, якое, магчыма, праз польск. prospekt ’тс’ з заходнееўрапейскіх моў: параўн. ням. Prospekt ’аб’ява, прэйскурант’, англ. prospektus ’праспект (кнігі вучэбнай установы і г. д.)’. Як і праспект 1, слова ўзыходзіць да лац. prōspectus.
Праста́к ’дурань’, ’неахайны’ (Ян.), сюды ж прастакава́ты ’праставаты, ніякаваты’ (Нас., Ян.). Рус. проста́к ’прасцяк’, укр. проста́к ’просты чалавек’, польск. prostak ’прасцяк, неадукаваны чалавек, просты чалавек’, чэш. prostáček ’прасцяк’, серб.-харв. проста́к ’прасцяк, неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, славен. prosták ’звычайны, просты чалавек’, балг. проста́к ’неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, макед. простак ’тс’. Ад просты з суф. ‑ак. Суфікс яшчэ праславянскі, гл. Слаўскі (SP, 1, 89), але першапачаткова слова, відаць, мела значэнне ’просты чалавек’ у процілегласць высакароднаму, што гаворыць аб самастойным утварэнні ў розных славянскіх мовах, параўн. Банькоўскі, 2, 788; Сной₂, 586 і інш.
Прасталы́ка ’прасцяк, нетактоўны чалавек’ (ТС). З прастарэ́ка (гл.) з заменай другой часткі на лыка; магчыма, намёк, што такі чалавек носіць лыкавыя лапці. Параўн. рус. ла́потник ’прасцяк; вясковы неадукаваны чалавек’.
Прастапа́д ’перпендыкуляр’ (Дуж–Душ.). Наватвор 20‑х гадоў XX ст. на аснове прыслоўя прастапа́дла ’перпендыкулярна’ (пач. XX ст. — гл. Гіст. лекс., 252) < польск. prostopadły ’перпендыкулярны’. Да просты і падаць (гл.).
Прастапо́ліца ’не зарослае (лесам або кустамі) поле’ (карэл., Нар. словатв.), прастапо́льніца ’поле, на якое ніколі не клалі гной’ (Скарбы). Польск. prostopole ’поле на лясной паляне, з якога звычайна быў добры ўраджай’. Да про́сты і поле, складанае, аформлена суфіксам ‑іца. Сюды ж прастапо́лё ’неўрадлівае поле’ (слонім., Сцяшк.), прастапо́ль ’няўгноеная глеба’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Магчыма, адлюстроўвае сістэму падсечна-агнявога земляробства, параўн. ст.-бел. полѧ простого моркгъ (Статут 1588); славен. prosto polje ’адкрытае, чыстае поле’, г. зн. ’ляда’, а таксама ў песні: Ой, у полі‑прастаполі / Там зрадзіла проса (Песні Беласточчыны. Мн., 1997, 503). Гл. Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.
Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).