◎ Пастарна́к 1, пастарнак ’расліна Pastinaca sativa L.’ (Федар. 6 і 7; віц., гом., гродз., маг., Кіс.; Бес., Булг.), ’бядрынец вялікі, Pimpinella magna L. et P.’, ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella Saxifraga L.’ (Касп.), ст.-бел. пастернакъ (пастарнаку пасторнакъ, пастрнакъ, постернакъ, Посторнакъ, постэрнак) ’пастарнак’ (1556 г.) запазычаны са ст.-польск. pasternak, якое праз с.-в.-ням. pasternac з лац. pastinaca ’морква’ (Міклашыч, 233; Вальдэ-Гофман, 2, 261; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 212; Булыка, Лекс. запазыч., 150).
◎ Пастарна́к 2 ’галоўны корань яблыні’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ (КЭС, лаг.). Да пастарнак (гл.). Названы так у выніку пераносу значэння паводле падабенства да стрыжнёвага кораня расліны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)