Лы́ка 1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. lō (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.
Лы́ка 2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч 2 (гл.).
Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).