Прастапо́ліца ’не зарослае (лесам або кустамі) поле’ (карэл., Нар. словатв.), прастапо́льніца ’поле, на якое ніколі не клалі гной’ (Скарбы). Польск. prostopole ’поле на лясной паляне, з якога звычайна быў добры ўраджай’. Да про́сты і поле, складанае, аформлена суфіксам ‑іца. Сюды ж прастапо́лё ’неўрадлівае поле’ (слонім., Сцяшк.), прастапо́ль ’няўгноеная глеба’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Магчыма, адлюстроўвае сістэму падсечна-агнявога земляробства, параўн. ст.-бел. полѧ простого моркгъ (Статут 1588); славен. prosto polje ’адкрытае, чыстае поле’, г. зн. ’ляда’, а таксама ў песні: Ой, у полі‑прастаполі / Там зрадзіла проса (Песні Беласточчыны. Мн., 1997, 503). Гл. Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)