Ба́ржа. Рус. ба́ржа (з XVII ст.), укр. ба́ржа. Запазычанне з англ. мовы (< англ. barge < франц. barge < італ. barca і г. д.). Падрабязна Шанскі, 1, Б, 43–44. (Фасмер, 1, 126, недакладна тлумачыў як запазычанне з франц. або с.-н.-ням.).
Барздэ́ (прысл.) ’няўцям’ (Клім.: Мыні й барздэ́, шо Ко́ля там міг бы бу́ты). Не вельмі яснае слова. Марыць, першапачаткова абазначала ’хутчэй’ і звязана з бардзе́й, барздзе́й, барджэ́й, баржджэ́й ’хутчэй’ (ад бо́рзды ’хуткі’, бо́рзда ’хутка’). Значэнне ’няўцям’ магло развіцца, напр., з такіх сказаў: Яму няўцям, а мне барзджэ́й (няўцям). Але паколькі ў гэтай палескай гаворцы оканне, то зыходзіць трэба з *барздэ(й) ад польск. барзо, бардзо ’вельмі’ (bardzo, barzo, гл. пад ба́рзо).
Ба́рзо ’вельмі’ (Бесар.), бардзо (пінск., Бяс.), ст.-бел. барзо (Гіст. лекс., 97; Нас. гіст.: XVI ст., Булыка, Запазыч.), укр. ба́рдзо, барзо, барз і г. д. (з XVI ст.). Запазычанне з польск. bardzo, barzo, barz і г. д. ’вельмі’ (а гэта да прасл. *bъrxъ ’хуткі’, гл. падрабязна Слаўскі, 1, 27). Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 80; Гіст. лекс., 97. Сюды ж і ба́рзы ’добры, ветлівы’ (Нас.).
Ба́рка ’барка’ (БРС), ’невялікая дашчаная лодка’ (Маслен.). Рус. ба́рка, укр. ба́рка ’тс’. Запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Barke або франц. barque, італ. barca. Фасмер, 1, 127 (там і падрабязней аб першакрыніцы слова). Іначай Шанскі, 1, Б, 45 (< ням.).
Барка́н 1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.
Барка́н 2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.
Барка́н 3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.
Барка́на́ ’морква’ (Касп.). Рус. борка́н, барка́н, бурка́н ’тс’. Слова няяснага паходжання. Некаторыя версіі (напр., прыбалт.-ням. крыніцу: Burkan, Burkane і г. д.) прыводзіць Фасмер, 1, 194. Іначай Буга, Rinkt., III, 771, які лічыць, што *bъrk‑аnъ і *mъrky ’морква’ аднаго паходжання (з невядомай сёння прыбалтыйскай мовы, у якой была змена m ⇆ b).
Барканчу́к дзіця незамужняй жанчыны’. Гл. барка́н 2.
Барка́с. Рус. барка́с, укр. барка́с. Запазычанне з франц. barcasse ’тс’. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 45–46.
Баркі ’віціны’ (Шн.). Бясспрэчна, таго ж паходжання, што і рус. ба́рок, укр. ба́рок (мн. ба́рки) ’дручок у возе, ворчык’ (а гэта запазычанне з польск. bark ’ворчык; плячо’; аб паходжанні польск. слова гл. Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 27). Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.
Барку́н ’палявая трава’ (Сцяшк. МГ), ’баркун белы, Меlilotus albus L.’ (Кіс.), ’люцэрна серпападобная, Medicago falcata L.’ (Кіс.). Таксама беркун, беркін (гл.). Рус. буркун, укр. буркун, боркун, борконь, буркунчик, бурундук, бурунчук, борончук і г. д. (гл. Макавецкі, Sł. botan., 226–227, 229; Мяркулава, Очерки, 86–87). Паводле Мяркулавай, Очерки, 87, ва ўкр. мове запазычанне з цюрк. моў (спроба цюрк. этымалогіі Мяркулава, Очерки, там жа), а адтуль у рус. У бел. мову таксама, мабыць, узята непасрэдна з укр.