Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скруну́ць ‘павярнуць’ (Сл. Брэс.). Няясна; мабыць, з *скрутнуць з пераходам тн > н або з чаргаваннем ад кранаць, гл.

Скру́пель ‘скупы’ (паст., Сл. ПЗБ). Дэрыват з суф. ‑ель ад асновы скруп‑, якая ў скрупул, скрупулат (гл.).

Скру́пул ‘малая колькасць, крупинка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), скру́пулка памянш. (Нас., Байк. і Некр.). З польск. skrupuł ‘дробная адзінка вагі (у аптэкарскай справе)’, таксама як і рус. скру́пул ‘тс’ (Кюнэ, Poln., 97); польскае да лац. scrupulus ‘маленькі востры каменьчык; сумненне, апаска’ (Варш. сл., 6, 181).

Скрупула́т ‘гаспадар, дбайны да кожнай дробязі’, скрупуля́тка ‘гаспадыня, ашчадная да дробязі’ (Нас.). З польск. skrupulat, skrupulatka ‘тс’, якія да скрупул (гл.).

Скрупулёзны ‘дакладны да дробязей’ (ТСБМ). Відавочна, новае запазычанне з рус. скрупулёзный ‘тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 76 і наст.), у ст.-бел. запазычаннях не адзначана. Рус. з лац. skrupulosus ‘тс’.

Скру́так1 ‘звязка пачэсанага льну, лыка і г. д.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ, Інстр. 3), ‘здор, скручаны рулонам’ (Сл. ПЗБ), скру́тка ‘скрутак’ (Сл. ПЗБ), скру́цень ‘скрутак лазовай кары’ (ТС), гіперкарэктнае скрю́тык ‘скрутак’ (Бяльк.). Да скруціць < круціць з суф. ‑ак; аналагічна ў іншых славянскіх мовах; параўн. укр. скру́ток, скру́тень, рус. скру́так ‘тс’.

Скру́так2 ‘няшчасце’ ў выразе: каб на цябе скрутак (бяроз., КЭС), скрут ‘злом, скон’ (Барад.); параўн. у Янк. БФ.: на скрут галавы ‘небяспечна, бязглузда рабіць што-небудзь’. Да скруціць < круціць (гл.); таксама ўкр. скру́та ‘цяжкае становішча’, рус. дыял. скру́тно ‘цяжка’.

Скру́тях, скру́тех ‘сукруціна, ва́да занадта моцна або няроўна спрадзенай пражы ў выглядзе перакручаных месц, а таксама вада палатна з такой пражы ў выглядзе няроўнасцей’ (Уладз.). Ад скруціць < круціць; першасная суфіксацыя, відаць, ‑ак, потым, як экспрэсіўнае, ‑ах. Гл. сукруціна.

Скру́ха ‘туга, маркота’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., Др.-Падб.), ‘сум, раскаянне’ (Нас., Гарэц.), сукру́ха ‘тс’ (Нар. Гом.), скрух ‘смутак’ (Шн. 2), скрухлі́ва ‘сумна’ (Сцяшк. Сл.), сукру́шны ‘спачувальны’ (ТС). Ст.-бел. скруха ‘раскаянне; шкадаванне, жаль’ з 1577 г. < ст.-польск. skrucha (Булыка, Лекс. запазыч., 134). Аднакаранёвае з крух (гл.).

Скруціцца ‘скурчыцца, згарнуцца’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘пакалечыцца’ (Сцяшк. Сл.), ‘звіцца, скруціцца’ (ТС), ‘упасці мёртвым, згінуць’ (Скарбы, Варл., ТС), ‘ашалець’ (Пятк. 2, Ян., Сцяшк. Сл.), ‘кінуцца ў гулі; звязацца з дрэннай кампаніяй’ (Мат. Гом., Ян.). Да круціць (гл.) у розных значэннях.

Скру́шчык ‘кавалак хлеба’ (Вештарт, Лекс. Палесся), скру́шок ‘хлябец, булка, якая даецца таму, хто прыходзіць наведаць парадзіху’ (пін., ЖНС). Да крух, круха́ (гл.).