Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).

Таракце́ць ’тарахцець, грукатаць’, ’балбатаць, балабоніць’ (астрав., мядз., Сл. ПЗБ). Гл. тарахце́ць, тарара́х, к < х пад уплывам балтыйскага субстрату.

Тарала́каць ’утвараць шум пры дапамозе сукала і пад.’ (ТСБМ), тарала́ць ’тарахцець’ (Касп.), сюды ж тарала́ ’зневажальнае слова на чалавека, які моцна крычыць і лаецца без патрэбы’ (Варл.). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. (выклічнік) тарала́й, гл. ЕСУМ, 5, 518; чэш. trala, tralala — выклічнік, што перадае радасць, весялосць, гл. Махэк₂, 649.

Тарало́м ’тарчма (ТСБМ, Янк. 3.), ’тарчма, у беспарадку, дагары нагамі’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе ад назоўніка тарала́ (гл. папярэдняе слова) па тыпу старчаком (гл. старчак) і пад.

Таралу́шка ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Няясна; магчыма, ад тарала́ць ’тарахцець’, гл. таралакаць.

Тарамба́ніць ’несці, цягнуць цяжкае, вялікае, грузнае; тарабаніць’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. тараба́ніць; устаўка м пад уплывам выклічніка тара́м, параўн. тарарам, гл.

Тара́мкаць ’званіць (пра царкоўны звон)’, ’гаварыць, расказваць абы-што’ (ТС). Ад гукапераймальнага выклічніка тара́м (гл. тарарам), параўн. таго ж паходжання ўкр. тарамти́ти ’кідаць з брынканнем туды і сюды’ (гл. ЕСУМ, 5, 518), рус. тара́мкаться ’плясціся, брысці’ (паводле Фасмера, 4, 21: няясна).

Тара́н1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н2 ’старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Таранава́ць ’непакоіць’: чаго цібе́ тарану́я (ветк., Ск. нар. мовы). Гл. тарнаваць3.

Таранда́ ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’балбатун або балбатуха, што стракоча не змаўкаючы’ (ашм., Стан.), таранда́с, тарында́ ’воз з высокімі драбінамі для перавозкі сена’ (Шатал.), тарандо́ха ’жанчына, якая хутка і шмат гаворыць’ (драг., Нар. лекс.). Вытворныя ад тарандзіць (гл.), параўн. таранта, гл.