Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слапо́к ‘пастка, мышалоўка’: мыш прынадзіць у слапок (Маладосць, 1973, 9, 73). Параўн. укр. слоп, сліп, слопе́ць ‘тс’, рус. слопе́ц ‘тс’, польск. słop, słap, słopiec, słopki, чэш., славац. slopec, в.-луж. slapać ‘лавіць, хапаць’, н.-луж. słapaś ‘тс’. Прасл. *slopъ ‘пастка’, анаматапеічнага паходжання, параўн. шлапаць (гл.), роднаснае англ. slap ‘лёгкі ўдар, пляскач’, н.-в.-ням. schlapp ‘хлоп’, тахар. B släpp‑ ‘упасці (на зямлю)’ (Шустар-Шэўц, 1302; Фасмер, 3, 675; Бязлай, 3, 255; ЕСУМ, 5, 303).

Сла́сты ‘прылада для адціскання сыру’ (Сцяшк. Сл.), ‘пастка’, ‘ціскі’, ‘прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. ПЗБ). З літ. slãstai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 478).

Сласць ‘задавальненне’ (Нас.), сласно́та ‘сладастраснасць’ (Гарэц.), сла́сны ‘смашны’, сласные рэчы ‘ласункі’ (Нас., Арх. Федар., Растарг.), сюды ж сласцёны ‘аладкі, ляпёшкі’ (Нас., Шымк. Собр.). Таксама як і ўкр., рус. сласть запазычана з ц.-слав. сласть < ст.-слав. сласть ‘салодкая ежа, смак, асалода’ (гл. Фасмер, 3, 667). Прасл. *solstь ‘прыемны смак, слодыч’ < *sold‑tь ад *sold‑ъkъ (гл. салодкі) з адпаведнікам у літ. sãlsti (sãlsta, sãldo) ‘стаць салодкім’, гл. Слаўскі, SP, 2, 47. Параўн. ст.-бел. слодость ‘саладосць; прыемнасць’ (Альтбаўэр) — запазычанае з польск. słodość ‘тс’.

Слата́. Гл. слота.

Слаці́ць ‘жыць, перабіваючыся’ (Касп.). Няясна. Сюды ж, відавочна, і слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Магчыма, ад *слата, слота (гл.). Першапачаткова ‘надакучаць, як слата’.

Слаць1 ‘пасылаць, адпраўляць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл., ТС). Параўн. укр. сла́ти, рус. слать, ст.-рус. сълати, польск. słać, в.-луж. słać, н.-луж. słaś, чэш. posláti, славац. slať, серб.-харв. сла̏ти, славен. posláti, ст.-слав. сълати. Прасл. *sъlati роднаснае гоц. saljan ‘прыносіць, ахвяраваць’, ст.-ісл. selja ‘перапраўляць, пераносіць, прадаваць’ (Траўтман, 292; Мікала, Ursl. Gr, 1, 79) і, далей, алб. sūljem ‘кідаюся, бягу’, гал. hollen ‘бегчы рыссю’ (гл. Фасмер, 3, 667; там жа і іншыя, менш верагодныя, збліжэнні). Сной₁ (474) адзначае, што прымальнай этымалогіі *sъlati няма. Ондруш (Studia Slavica, 6, 1960, 193 і наст.) спрабуе звязаць яго з літ. setė́ti ‘прыйсці’, salti ‘цячы’, семантычна абгрунтоўваючы гэта на прыкладзе хец. piyami ‘пасылаю’ < paimi ‘іду’, г. зн. ‘пасылаць’ <— ‘загадаць ісці’. Гл. яшчэ Махэк₂ (552), які на іншых і.-е. прыкладах разглядае аналагічнае семантычнае развіццё. Борысь (557) узводзіць да і.-е. *sel‑/*sol‑/*sl‑ ‘узяць; хапаць’; праславянскае слова, на яго думку, развілося ад першаснага каузатыўнага дзеяслова са значэннем ‘рабіць так, што хто-небудзь штосьці бярэ’ → ‘пасылаць, каб нехта штосьці атрымаў’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 296 з аглядам літ-ры.

Слаць2, сцялі́ць ‘класці, раскладваць, распасціраць, укладваць’ (ТСБМ, Нас., Сержп. Прымхі, ТС, Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. сла́ти, стели́ти, рус. стлать, стели́ть, стараж.-рус. стьлати, польск. słać, ścielić, в.-луж. słać ‘сцяліць’, н.-луж. słaś, stłaś, чэш. stlát, славац. stlať, славен. stláli, балг. сте́ля, ст.-слав. стьлати. Прасл. *stьlati, *steljǫ роднаснае лат. slāt, slāju ‘накладваць, упакоўваць’, грэч. στέλλω “рыхтую, пасылаю’, лац. lātus ‘шырокі’ (< stlatus); да і.-е. *stel‑ ‘расцілаць’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 924; Фасмер, 3, 753–754; Сной₁, 609; Борысь, 557; ЕСУМ, 5, 296–297; Міклашыч, 324; Покарны, 1018–1019; Махэк₂, 578. Фасмер (там жа) адзначае, што побач з і.-е. коранем *stel‑ прадстаўлены і *stern‑: лац. sternā, ‑ere, strātum ‘расцілаць, насыпаць’, грэч. στόρνῡμι ‘тс’ (параўн. прасл. *storna, гл. старана); Шустар-Шэўц, 1301–1302; Глухак, 558; Бязлай, 3, 317–318.

Сле́га, сліга́, слігаві́на ‘лага; кладзь, доўгае бервяно, якое кладуць на сохі’ (Бяльк., Касп.), сле́гі ‘рэі’ (каліна, Арх. ГУ), слёгі ‘лагі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), слі́га ‘вясло для кіравання плытом’ (гродз., Сл. ПЗБ), ‘падваліна’ (в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюгаві́на ‘падваліна’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘брус, якім замацоўваюць насціл маста’ (докш., там жа), ‘лагі’ (в.-дзв., там жа). Укр. слі́гі ‘тоўстыя перакладзіны’, рус. слега́ ‘брус, жардзіна’, дан. слёга ‘тонкая доўгая жардзіна’, сляга́ ‘тонкае доўгае бервяно, рычаг’. Словы няяснага паходжання. Аўтары Сл. ПЗБ (4, 481) выводзяць ад літ. slė̃gos ‘лагі’, што, ведаць, роднаснае літ. slė́gti ‘ціснуць’, slėktis ‘прэс’, з якімі параўноўвае словы Праабражэнскі (2, 321); формы на ‑я‑ ўзводзяць да *слѧг‑ і набліжаюць да літ. sleñksnis, sleñkstis ‘парог’, гл. Фасмер, 3, 681; ЕСУМ, 5, 298. Калі прыняць за асноўнае значэнне ‘лага’, то, хутчэй за ўсё, узыходзіць да прыставачнага дзеяслова *sъ‑legti ‘пакласці побач, легці разам, упасці’, каранёвая частка якога можа мець падаўжэнне ‑e‑ > ‑ě‑, параўн. Борысь, Czak. stud., 80; Etymologie, 601 (рэканструюе прасл. *sъlěga/*sъlęga). Гл. слюга, сліж3.

След ‘адбітак ступні нагі, капыта, лапы’, ‘знак уздзеяння’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), ‘права, прычына, падстава’ (Нас.), ‘дарога, сцежка; часовая мяжа на сенажаці паміж участкамі (Яшк.), ст.-бел. следъ ‘мера зямлі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слід, рус. след, стараж.-рус. слѣдъ, польск. ślad, в.-луж., н.-луж. slěd, чэш., славац. sled, серб.-харв. сли̏јед, славен. slẹ̑d, балг. следа́, макед. следа, ст.-слав. слѣдъ. Прасл. *slědъ. Роднасныя літ. slidùs ‘гладкі, склізкі’, лат. sliēds ‘след, каляіна’, ст.-прус. slidenikis ‘сабака-сышчык’, с.-в.-ням. slîten ‘слізгацець’, ст.-в.-ням. slito ‘сані’, нова-в.-ням. Schlitten ‘тс’, грэч. ολισθανω ‘я слізгаю’; гл. Траўтман, 269; Торп, 539; Мюленбах-Эндзелін, 3, 932, 957–958; Фасмер, 3, 668; БЕР, 6, 858; Махэк₂ (553) літ. slidús лічыць запазычаннем з польскай. Сной₁ (579) узводзіць да і.-е. кораня *(s)lei̯dh‑ ‘слізгаць; паўзці’ з першасным значэннем для прасл. ‘каляіна, санная дарога’. Прасл. таксама *slěditi, працяг яго ў слядзі́ць, укр. сліди́ти, рус. следи́ть, польск. śledzić, в.-луж. slědźić, н.-луж. ślěźiś, чэш. slíditi, славац. sliediť, серб.-харв. слијѐдити, славен. sledíti, балг. следя́, макед. следи; гл. Фасмер, там жа; БЕР, 6, 862.

Следапы́т ‘той, хто добра распазнае сляды, хто высочвае каго-небудзь па слядах’ (ТСБМ). З рус. следопы́т, дзе, як мяркуюць, з’яўляецца калькай англ. pathfinder, мабыць, у сувязі з перакладам рамана Ф. Купера “The Pathfinder”, рус. выданне — у 1841 г. Да след і пытаць; Трубачоў у Фасмер, 3, 668.

Следзь ‘селядзец’ (Сцяшк., Скарбы), слез, следзь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), следз, следзь, следь ‘тс’ (Сл. Брэс.). З польск. śliedź ‘тс . Сюды ж следзе́ўка, слядзе́ўка, сле́дзя ‘гатунак белай бульбы прадаўгаватай формы’ (Скарбы).