Пыта́ць ’звяртацца з пытаннямі; прасіць дазволу’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Растарг., Мал.), пытацца ’тс’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Чуд.; Воўк-Лев., Татарк., Сл. ПЗБ), пута́ць ’тс’ (маз., Шн. 3; ТС), сюды ж пытальнік ’той, хто пытае, дапытваецца’: прыйдуць страшныя пытальнікі (Кітаб XVI–XVII ст., Стан.), пы́цік ’цікаўны, хто пытаецца пра тое, што яму не трэба знаць’ (Нас.), пы́тма пыта́ць ’дапытвацца, паўтараць пытанні’ (Нас.), укр. пита́ти, рус. пыта́ть ’праводзіць допыт; катаваць’, пыта́ться ’старацца, спрабаваць’, польск. pytać, чэш. ptáti se, славац. pytať ’прасіць’, pytať sa ’пытацца’, в.-луж. pytać ’шукаць, расшукваць’, н.-луж. pytaś ’тс’, дыял. ’пытаць’, славен. pítati ’пытаць, дапытваць’, серб.-харв. пи́тати, балг. пи́там, макед. пита, ст.-слав. пытати ’тс’. Прасл. *pytati ’пытаць, шукаць’, параўноўваюць з лац. putāre ’абдумваць, меркаваць; рэзаць’, тахар. A put‑k ’судзіць, раздзяляць, адрозніваць’. Гл. Фасмер, 3, 421, з літ-рай; Бязлай, 3, 43–44; Шустар-Шэўц, 2, 1199; БЕР, 5, 266. Паводле Варбат (Этим. иссл., 6, 16–17), развіццё значэння ад ’рэзаць’ да ’думаць, меркаваць’, магчыма, звязана са старажытным земляробчым тэрмінам, пра што сведчыць рус. дыял. вы́пытаць ’выкарчаваць’.