Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́ць ‘саслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.

Ско́чка ‘блыха’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Бір. дыс., Байк. і Некр., Жд. 1, Сержп. Прымхі). Да скочыць, скакаць, з суф. ‑к(а).

Ско́чкі ‘шматгадовая травяністая, з сакавітым лісцем расліна сямейства таўсцянкавых’ (ТСБМ), ‘расліна Sempervivum L.’ (Кіс.), ско́чка ‘скочкі’ (Янк. 3., Сл. Брэс., ТС, ЛА, 1). Укр. ско́чка, польск. skoczek, skoczki ‘тс’. Да скакаць, скочыць (гл.), таму што маладыя разеткі расліны, адрываючыся, адскакваюць ад мацярынскай расліны.

Ско́чыкі ‘агаткі двухдомныя, Antennaria dioica Gaertn.’ (Кіс.), ско́чкі ‘тс’ (Жд. 2). Відавочна, да скочыць (гл. скакаць). Матывы намінацыі не зусім ясныя, магчыма, аналагічна папярэдняму слову, таму што ад парасткаў расліны, якія ляжаць на зямлі, адрастаюць новыя разеткі лісцяў.

Ско́чыць — аднакратны дзеяслоў да скакаць (гл.). Варбат (Этимология–2003–2005, 24–25) прасл. *skočiti выводзіць ад **ščekti (> *ščekati, гл. шчыкаць) з ітэратыўнай ‑i‑ асновай пры каранёвым вакалізме ў ступені *o, пацверджаннем чаго з’яўляецца шчыката́ць ‘бегчы, дробна перабіраючы нагамі’, гл.