Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́ць ‘саслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)