Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).

*Склума́чыць, склума́чыты ‘скомкаць’ (Клім., Сл. Брэс.). Кантамінацыя скамячыць і клумак ‘клунак’, гл.

Склынбо́ваць ‘туга звязаць (пра сноп)’ (пруж., Сл. ПЗБ). Да клынбэль, кныбель, кнібель (гл.), паводле націску, паланізм, аднак у польскіх слоўніках не фіксуецца (*sknębłować?).

Склюд. Гл. склют.

Склю́ндра ‘скупяндзя; пляткарка’ (брэсц., Нар. лекс.). Няясна, магчыма, ад склюд, склют ‘жмінда’ (гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй. Параўн. укр. шлю́ндра ‘неахайная жанчына; шлюха’.

Склю́піцца ‘сагнуцца’ (мядз., Нар. словатв.). Запазычанне з польск. sklupić się ‘збіцца ў камяк; згусціцца; сагнуцца, скурчыцца’ < klupić się. Апошняе роднаснае літ. klaũpti, klaupiù ‘спатыкацца, падаць на калені’, klùpti, klumpù ‘спатыкацца, падаць’, лат. klàupat ‘спатыкацца’ і г. д. Падрабязна гл. Слаўскі, 2, 242 і наст. Параўн. таксама клыпаць (гл.).

Склют, склюд, шклют ‘цяслярская сякера з шырокім лязом’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк., Мядзв., Выг., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі; кліч., Жыв. сл.), ‘скупы’ (Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘худы (гарбаты), нязграбны чалавек’ (Жд. 2, Янк., Сл. Брэс., Скарбы; віл., Нар. сл.; віц., Нар. лекс.), ‘худы, высокі, гарбаты чалавек’ (Сцяц.), ‘жмінда’ (Касп.), ‘люты мароз’ (Шатал.), склю́ціна ‘худы’ (мёрск., Нар. словатв.), склюд ‘вялікі нос’ (Наша слова, 2000, 12 студз.), ст.-бел. склютъ ‘цяслярская сякера’ (Яблонскіс). Запазычанне з літ. skliùtas ‘цяслярская сякера’; гл. Брукнер, 494; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33; Урбуціс, Baltistica, 5 (2), 152 і наст. Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y.—London, 1968, 247. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22; Анікін, Опыт, 282. З літоўскага запазычаны таксама рус. склюд, укр. склюд, шклюд, польск. sklut ‘тс’. Формы з ш‑ (sz‑) з’явіліся на славянскай глебе. Склютава́ць ‘рабіць склютам’ (Жд. 1), паводле Урбуціса (там жа), магчыма, таксама з літ. skliutúoti ‘тс’, а склюдава́ць (ТСБМ) утвораны ўжо на беларускай глебе, таму што літоўскі назоўнік з ‑d‑ не адзначаны. Ст.-бел. склютъ, скгклютъ ‘тс’ фіксуецца з 1561 г.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 95.

Скляпе́нне ‘дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены’, ‘падвальнае памяшканне’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сцяц., Варл.), ‘унутраная частка, паднябенне ў печы’ (Сцяшк., Шушк.), скляпе́нне, склепова́нне, склеп ‘тс’ (зах.-бел., ЛА, 4). З польск. sklepienie ‘тс’ (Кюнэ, Poln., 96).

Скляпі́цца ‘пакрыцца тонкім лядком’ (Скарбы), скляпля́цца ‘зацягвацца лёдам’ (Сцяшк.). З польск. sklepić się ‘зрабіць скляпенне; закрыцца, зацягнуцца’ (Астроўскі, ABSl, 29, 153). Гл. склеп.