Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Святло́ ‘прамяністая энергія; светласць; асвятленне’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), све́тла (свѣтло) ‘агонь’, ‘зрок’ (Нас.), ‘агонь’, ‘лямпа’ (Растарг.). Сюды ж святло́ ‘светла, відна’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. сві́тло, ст.-укр. свѣт(ь)ло ‘агонь ад свечкі’, польск. światło, чэш. světlo, славац. svetlo, славен. svetlo: na svetlo dati ‘выдаць’, серб.-харв. све̏тло ‘святло’, макед. светло. Ад *světьlъ, паводле Сноя (гл. Бязлай, 3, 349), ад *světlъ. Гл. светлы.

Свято́к ‘храмавое свята’ (Сл. ПЗБ, Сержп.), свето́к ‘свята’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), святкі́ ‘прамежак часу ад Каляд да Вадохрышча’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѧток ‘свята’ (Скарына, Альтбаўэр), сюды ж свя́точки ‘святыя дні; увасобленыя святы’: Перед Богомъ стояць уси́ святочки (Нас.), укр. святки́ ‘святочныя дні Каляд і Вялікадня’, рус. свя́тки ‘час ад Каляд да Вадохрышча’, ст.-рус. свѧток ‘свята’, серб. дыял. све̑так ‘тс’, славен. svétek ‘тс’. Прасл. *svętъkъ ‘свята’, вытворнае ад *svętъ (гл. святы), параўн. Тапароў, Этимология–1986–1987, 33; Фасмер, 3, 584. Зыходная форма для святкава́ць ‘адзначаць свята; не працаваць з нагоды свята’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), светкова́ць, сʼеткова́ць, сеткова́ць ‘тс’ (ТС), якім адпавядае серб. свѐтковати, дыял. светкова̏т: У на̑с се тај све̑так не светку̏је (Элезавіч, 2, 207), свято́чны ‘звязаны з святам’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), свето́чны ‘тс’ (ТС) і інш. Прывязанасць да пэўнага гадавога цыкла (пазней, відаць, перанесеная і на хрысціянскія святы) дазваляе выказаць меркаванне пра больш ранняе паходжанне назвы, чым форма свята (гл.), якая цяпер успрымаецца як зыходная. Параўн. Жураўлёў, Язык и миф, 97.

Свя́тцы ‘святыя’ (Бяльк.), ‘веруючыя, багамольныя’ (Ян.), параўн. рус. свя́тцы ‘кніга святых і царкоўных свят’, што ад свя́тец ‘святы, праведнік’ < ст.-слав. свѧтьць ‘тс’ (Трубачоў, Дополн., 3, 584). Апошняе ад святы́. Гл. Фасмер, 3, 584.

Святы́ ‘надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑ ‘святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Святы́ня ‘святое, асвечанае месца, храм’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. свѧтынѧ ‘тс’. Кніжнае запазычанне з рус. святыня ‘тс’ (< ц.-слав. свѧтыни ‘тс’) або з польск. świątynia ‘тс’, што лічыцца запазычаннем з ст.-чэш. svatyně, svatina ‘тс’ у сувязі з агульным кірункам запазычвання хрысціянскай тэрміналогіі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 383).

Свяце́ц ‘падстаўка для лучыны’ (рас., Шатал.), ‘свяцільня з лучынай’ (Анім. дад.). Рус. свете́ц ‘тс’. Ад свет‑ з суф. ‑ец‑.

*Свяцілка, свеці́лка, свецёлка ‘дружка; дзяўчына з боку маладога, якая несла вясельны хлеб з свечкамі’ (ТС, Ян.), свяці́ліца ‘дзяўчына, што трымае запалёную свечку, калі ўбіраюць нявесту’ (Нар. Гом.), укр. світилка ‘дзяўчына, што выконвае абрад трымання шаблі з прывязанай да яе свечкай’. Падрабязна аб семантыцы гл. Гура, С і БФ, 1995, 318–321. Да свяціць (гл.).

Свяці́ць ‘выпраменьваць святло; ззяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. світи́ти, рус. свети́ть, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтити, польск. świecić, в.-луж. swecić, н.-луж. swesiś, чэш. svítiti, славац. svietiť, серб.-харв. svétiti, славен. světili, балг. све́тя ‘тс’. Прасл. *světiti ‘свяціць’. Роднасныя літ. švaitýti, švaitaũ ‘свяціць’, ст.-інд. 3 а. адз. л. aş́vait ‘заблішчаў’; гл. Траўтман, 310; Фасмер, 3, 575. Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. базы *ku̯ei̯t‑ ‘свяціцца; светлы, белы’. Іншая ступень чаргавання ў світаць, свіцецца (гл.). Аддзеяслоўныя ўтварэнні свяці́ла ‘светач для лучыны’ (гарад., Нар. лекс.), свеце́льнік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (ТС), якому адпавядаюць ст.-польск. świetelnik ‘падсвечнік’, серб. дыял. светелник ‘металічная падстаўка для лучыны пры асвятленні хаты’ (СДЗб, 29, 525) і інш.

Свяча́ ‘свечка; рытуальная святочная свечка’ (Нас.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасне’ (ТС). Гл. свечка.