Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пуць1 ’дарога, шлях’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Сл. ПЗБ), ’чыгунка’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ)’, ’пуцявіна, пуціна, жыццёвы шлях’ (ТС, Сл. ПЗБ), а таксама пуць, ж. р. пуця́ (Янк. 2, Сл. ПЗБ), ст.-бел. путь ’паход; дарога’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж пуці́на, пуцяві́на ’дарога’ (Яруш.), пуці́нка ’сцежка’ (барыс., Шн. 2), укр. путь ’шлях, дарога’, рус. путь, польск. pąć ’падарожжа, дарога’, чэш. pouť ’багамольства, пяльгрымка’, славац. púť ’праход, шлях’, в.-луж. puć, н.-луж. puś ’дарога, чыгунка; падарожжа’, палаб. pǫt ’дарога’, славен. pọ́t ’шлях, дарога’, серб.-харв. пу̑т, балг. път, макед. пат. Прасл. *pǫtь ’шлях, дарога’ звязана з асновай і.-е. *pent‑ ’ступаць, ісці, знаходзіць’ і суадносіцца з назвамі дарог ад кораня *pont‑/pṇt‑: ст.-інд. pánthāh, грэч. πόντος ’марскі шлях, мора’, πάτος ’сцежка’, лац. pons ’гаць, мост’, ст.-в.-ням. pfad ’сцежка’, з іншым вакалізмам прус. pintis ’шлях’ (Фасмер, 3, 413; Скок, 3, 86–87; Шустар-Шэўц, 2, 1187; Глухак, 513; Сной, 477; Чарных, 2, 85 і інш.).

Пуць2 ’лад, парадак, мера’ (Нас.), ’толк, розум’ (Ян.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’памяць’ (паст., шальч., шчуч., Сл. ПЗБ), ’дабро’: ні будзіць зь цібе пуці (Бяльк.), сюды ж пуця́чы ’варты, каштоўны, добры’ (Бяльк., Ян.), пу́тны ’талковы’ (гл.), параўн. укр. путня́ ’шлях; толк’, рус. без путя́ ’без толку, дарэмна, без прычыны, карысці’. Утворана на базе пераноснага ўжывання пуць ’дарога; жыццёвы шлях’, г. зн. ’правільны шлях’ у выніку пераасэнсавання пад уплывам фразеалагізмаў і выразаў тыпу пуця ни въ чомь не знаешь, безъ пуця сваволитъ (Нас.), бяспу́тны, непуцёвы і пад.; меркаванне Грынавяцкене і інш. пра запазычанне з літ. pùtė ’курыца’; перан. ’разуменне’ (LKK, 16, 187), паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае.

Пуць-пуць — выклічнік для падзывання курэй (Сцяц., Дразд.; швянч., Сл. ПЗБ), путь‑путь ’тс’ (Сл. Брэс.; лін., Шатал.), пу́тю‑путь‑пу́тька ’тс’ (пін., Нар. лекс.), параўн. укр. путь‑путь, літ. puť‑put © лат. put‑put і пад. Гукаперайманне, якое перадае галасы розных птушак, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 170; Скок, 3, 66. Лучыц-Федарэц (БЛ, 17, 66–67) адносіць да балтызмаў, што сумнеўна. Гл. пуця.

Пуцэ́лцал ’шавецкая прылада для навядзення на рантах і абцасах глянцу’ (Скарбы). З нямецкага (пасрэдніцтва ідыш?) Putzholc, параўн. польск. puculec ’дошка для ачышчэння нажоў’, або з ням. Putzhubel, параўн. польск. puchubel ’гэблік для канчатковага выгладжвання паверхні дрэва да бляску’ (Варш. сл.).

Пуцэ́нька ’пучок льне, пянькі’ (Нас., Бяльк.). Гл. пуцня.

*Пу́ця1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця1 і пуця2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.