Пу́тны1 ’талковы, разумны, здатны, кемлівы’ (ТСБМ; Ян.; Сл. ПЗБ; стаўб., Нар. сл.; гом., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ’спраўны, слушны, выгодны’ (Нас., Яруш.), ’разважлівы’ (жлоб., Мат. Гом.), ’варты, каштоўны, добры’ (ТС), пу́тній ’здольны, спраўны’ (Юрч. Фраз., 1), сюды ж пу́тна ’слушна, добра, дарэчы’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.), путне́й ’талковей, ясней’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’зручней, лепш’ (чач., Мат. Гом.), параўн. укр. пу́тній ’талковы, прыстойны, слушны’, рус. пу́тный ’разумны, спраўны, прыстойны, карысны’, польск. pątny ’падарожны’, чэш. poutní ’вандроўны, багамольны’, в.-луж. pućni ’дарожны’, славен. póten ’падарожны, дарожны’, серб.-харв. путни ’тс’, балг. пъ́тен ’тс’, макед. патен ’тс’. Да *putь ’шлях, дарога’ (гл. пуць), усходнеславянская семантычная інавацыя ’разумны, талковы’ на базе ўтварэнняў тыпу рус. путём ’так, як трэба’ (Мяркулава, Этимология–1986–1987, 145), фразеалагічных спалучэнняў без пуця́ ’бязладна, неразумна’ (Нас.), параўн. бяспу́тны ’непрыстойны, распусны’, з чаго выводзяць значэнне ’лад, парадак; толк, розум’, пуцьцё ’дабро’ (Бяльк.); параўн., аднак, серб. пу̏тан ’правільны, справядлівы, разумны’ (Вук), якое можа разглядацца як русізм. Грынавяцкене і інш. (LKK, 16, 187) у ашм. пу́ць ’галава, розум’ (о́семьдзесяць ма́іць, а пу́цю маіць) бачаць запазычанне з літ. pùtė ’курыца’, перан. ’разуменне’, што вельмі сумнеўна, гл. таксама пуціць, пуццё і пад.

Пу́тны2 ў спалучэннях тыпу ст.-бел. путный слуга ’слуга пры каралеўскім двары; чыноўнік, які выконваў розныя даручэнні’ (Ст.-бел. лексікон), путные бояры і пад. Ад пуць, параўн. ст.-бел. путь ’паход; дарога’ і польск. służka putny ’ў ВКЛ чалавек, які быў пасыльным’; паводле Карскага (1, 282), узыходзіць да ст.-слав. путьнъ у выніку зацвярдзення зычнага т перад суфіксам ‑ьн‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)