Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паха́пываць ’быць крыху падобным’ (Юрч.). Да хапа́ць (гл.) у сэнсе ’схапіць трохі рыс падабенства’.

Па́хар ’араты’ (калінк., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. пахарь ’тс’ (ад старавераў).

Пахарані́цца ’схавацца’ (смарг., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі бел. пахароны і польск. schronić się ’схавацца’.

Пахарон, пахароны ’пахаванне’ (Сл. ПЗБ) як і пахаране́нне ’тс’ (Ян.) з ц.-слав., рус. похороны, захоронение < (по‑)хоронить < ст.-слав. хранити ’ахоўваць, сцерагчы’ < прасл. *xorniti, роднаснага да лац. servō, ‑āre ’ратаваць, захоўваць’, авест. haraitē pairi ’сцеражэцца’, haurvaiti ’сцеражэ’ (Фасмер, 3, 266). Лексема пахаронкі ’пахаванне’ (Сл. ПЗБ) — беларуская; яна мае суфікс ‑к‑ і (як дажынкі, дакопкі, памінкі) — аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 48.

Па́хат ’араты’ (круп., Сл. ПЗБ). Да паха́ць (гл.). Беларускае. Другаснае (не праславянскае) аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑tъ, як у слове ⁺здзіт ’муляр, будаўнік’ (адсюль назва вёскі Здзітава ў Драгічынскім р‑не).

*Пахаткі́1, похоткі́ ’частка пчалінай сям’і, якая выконвае разведвальную функцыю’ (Анох.). Да паход, ход < хадзі́ць (гл.). Параўн. іван. ходкы́ ’работа пчол па разведцы’.

Пахаткі́2 ’зручны для работы’ (паст., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі хваткі і пахватны ’тс’ (гл.).

Паха́тная, паха́туха, поха́тніца, паха́тніца, поха́тныца, паха́туха ’жанчына, якая любіць пабегаць па хатах, каб пачуць ці расказаць навіны, плёткі’ (глус., Янк. Мат.; Янк. 1, Некр., Сл. ПЗБ; лун., Шатал., ТС, Сл. Брэс.). Утвораны са словазлучэння па хатах (бегаць) і суфіксаў ‑уха, ‑іца, ‑ная. Да ха́та (гл.).

*Пахатны́, похотны́ ’ахвочы да жартаў з жанчынамі’, по́хоць ’хаценне, сквапнасць’, похо́чваць ’мець ахвоту, хацець’ (ТС). Укр. похоті́ти ’пажадаць’, рус. по́хоть ’пажадлівасць’, ст.-рус. похотъ ’савакупленне’, ’воля’, ’жаданне’, ’прыхамаць’, ’страсць’, ’юр’, польск. старое pochoć, pochodź, pochuć ’пажадлівасць’, чэш. старое pochotný ’смачны, прыемны’, pochoutka ’слодыч’, ’дэлікатэсы’, славен. pohȏta, серб.-харв. по̏хота, макед. похотен, похотлив ’пажадлівы’, балг. по́хот ’жадлівасць’. Прасл. po‑xotь, po‑xotьnъ(jь) < xotěti > хаце́ць (гл.).

Пахатрава́ць ’патынкаваць’ (карм., Мат. Гом.). Відаць, генетычна звязана з рус. смал. ха́трасьтя ’лахманы’, чэш. chátrati ’рабіцца непрыдатным, старэць’, chatrný ’слабы, нягеглы’, славац. ’хваравіты, кволы’. Трубачоў (Эт. сл., 8, 22) выводзіць праформу xatra, якая са *skatra, роднаснага з літ. skė́trioti, skėtrióti ’растапырваць рукі’. Семантычна, аднак, карм. пахатрава́ць абазначае процілеглы працэс (’абнаўляць, рабіць лепшым’), як зах.-слав. chátrati, chatrný ’старэць, слабець’.

Пахаце́нне ’жаданне’ (Нас.). У выніку кантамінацыі лексем похаць і хаценне (гл.).