Пахо́д 1 ’перамяшчэнне атрада з пэўнымі мэтамі’, ’ваенныя дзеянні’ (ТСБМ, Шат.), ’бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць’ (слаўг., Яшк.), пахады́ ’дарогі, сцежкі’ (гл.). Укр. похід ’шэсце’, ’паходка’, рус. поход ’рух войска’, ’кампанія’, ’ход касяка рыб’, ’лёт пчалы’, ст.-рус. походъ ’вайна’, ’выступленне на вайну’, ’выхад на лоўлю рыбы’, польск. pochód ’паход, марш’, працэсія’, ’рад, ланцуг, смуга’, ’крок’, ’паходня, дошка на плыце’, н.-луж. pochod ’паходжанне, эвалюцыя’, ’марш’, в.-луж. pochod ’марш’, чэш., славац. pochod ’тс’, ’паходны рух’, ’шэсце’, ’працэс’, славен. pohòd ’марш’, ’адведзіны, візіт’, серб.-харв. по̀ход ’тс’, ’ад’езд, выезд, выхад’, макед., балг. по́ход. Прасл. poxodъ ’апраўленне, выхад, выезд’ < poxoditi. Да па‑ < прасл. po‑ (са значэннем пачатку дзеяння) і хадзі́ць (гл.). На бел. тэрыторыі па‑ набыло значэнне ’паступовае запаўненне пэўнай плошчы дзеяннем’.
Пахо́д 2 ’невялікі лішак (у вадзе, суме, ва ўзросце)’, тураў. похо́д ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Шат., ТС). Укр., рус. поход ’тс’. Усходнеславянскае. Да паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ > ’выходзіць з лішкам’. Іншае развіццё значэння ’выходзіць з чаго-небудзь, аднекуль’, параўн. у бел. паходзіць ’мець падабенства, быць родам адкуль-небудзь’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), похо́дзіць ’тс’ > похо́джы ’падобны’ (ТС), ’належаць паводле нараджэння да якога-небудзь класа, нацыі’, ’узнікаць, утварацца’ (ТСБМ). Да першага значэння паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ і суадноснага з ім паход ’лішак’ можна прывесці паралель з літ. pértekėti ’працякаць’, ’перацячы, пераліцца’, pértekti ’мець у дастатку, удосталь’ і per̃teklius ’лішак’, у той час як літ. atliekà, ãtliekas, atlaikà, liẽkana ’лішак’ суадносяцца з lìkti ’заставацца, пакідаць’, якое (як і бел. лі́шак < прасл. lixъ) узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so‑ ’пакідаць’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 91).