Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Па́сак ’жулік’ (Касп.). У выніку пераносу значэння з польск. pasek (gra w pasek) ’азартная гульня з рэмнем’. Да пас1 (гл.). Параўн. аналагічнае развіццё ў бел. і чэш. мовах, дзе pásek ’стыляга’.

Па́сака ’кроў’ (Ян.). Да пасока (гл.).

Пасалаве́ць ’паблякнуць ад стомы’ (паўн.-усх., КЭС), ’зрабіцца невыразным, мутным ад стомы, ап’янення (пра вочы)’ (ТСБМ). Да салаве́ць ’тс’, якое разам з рус. солове́ть ’мутнець’, укр. солові́ти ’хмурнець (аб поглядзе)’, рус. солово́й ’светла-шэры, жаўтлява-шэры’ з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням. salo, salawêr ’цёмны, мутны’, ст.-ісл. sǫlr ’жоўты, брудны’, англ. sallow ’бледны’ (Фасмер, 3, 712).

Пасале́ня ’націна фасолі’. З пасоля < фасоля (гл.). Аб суфіксе ‑енЖ‑енне гл. Сцяцко, Афікс. наз., 147.

Пасалёнка ’бульба, звараная палавінкамі’ (ветк., Мат. Гом.). Да пасолены < саліць < соль (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 47.

Пасалу́ха, пасялу́ха ’хто без справы ходзіць па хатах’ (віц., Сл. ПЗБ). Утворана ад выразу (хадзіць) па сялу і суф. (у)ха. Параўн. таксама пасялда..

Пасалюбава́цца ’палюбавацца’ (паст., Сл. ПЗБ). Да любавацца < любіць (гл.). Устаўка ‑са‑, якая, відаць, з ‑ся‑, ужыта тут накшталт (ці пад уплывам) літ. поўнага варыянта зваротнага фарманта ‑si‑ ў прэфіксальных дзеясловах, напр., pa‑ simyliti ’цешыцца каханнем’.

Пасама́ны ’аздоба на сукенцы, пазументы’ (пін., Доўн.-Зап.), ст.-бел. посамантъ ’пазумент, аблямоўка’ (1569 г.) запазычана са ст.-польск. pasaman, якое з італ. passamano ’тс’ (Брукнер, 398; Булыка, Лекс. запазыч., 109) або з франц. passement ’пазументы, тасьма’.

Паса́р ’пасаг’ (стол., Сл. Брэс.). Няясна. Відаць, апіска (‑р замест ‑г) (?).

Пасарамаці́ць ’пасароміць’ (ТСБМ). Са ст.-польск. posromacać ’ганьбіць, зневажаць’, якое было ўспрынята з паўнагалоссем, як сорам (гл.).