Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мудры́ла ’мудрагель’ (Бяльк.). Утворана ад мудры́ць ’залішне ўскладняць справу, мудрагеліць’ (ТСБМ, Ян.). Аб суфіксе ‑іла гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42.

Мудрэц ’мудры, разумны чалавек’ (ТСБМ), ’кемлівы, вынаходлівы, штукар’ (міёр., З нар. сл.; ТС), ’хітрун’ (Бяльк.). Да прасл. mǫdrьcь. Гл. му́дры1.

Муду́к ’капшук’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Да муды́ (гл.). Суфікс ‑ук, як у капшу́к.

Муду́р ’фанабэрысты, пыхлівы’, ’упарты, выдумляльнік’ (Нас., Гарэц.), мудуроўны ’фанабэрысты’ (Нас.). Балтызм. Параўн. літ. mudrùs ’слаўны, хвацкі, зухаваты’, ’бадзёры, бойкі’, mùdrinti ’упрыгожваць, выстройваць, прыбіраць’.

Мудурава́цца1 ’круціць, фінціць, фанабэрыцца’, мудурава́ць ’трымаць у дысцыпліне’, ’вучыць паводзіць сябе прыстойна’ (Нас.). Да муду́р (гл.).

Мудурава́цца2 ’хітрыць, прыдумваць’, мудурава́ць ’тс’ (Нас.). Да мудрава́ць (гл.), якое зазнала ўплыў лексем мудурава́цца1, муду́р (гл.).

Муды́ (мн. л.) ’машонка’ (астрав.), ’мужчынскія палавыя органы’ (мядз., Сл. ПЗБ), укр. мудо, рус. муде́, мудо́, му́ди, польск. mąda, mądzie, н.-, в.-луж. mud, палаб. mǫda, чэш. moud, moudí, мар. mudy, славац. muď, mudie, славен. módo, móda, рэзьянск. múda, серб.-харв. му́до, му́да, макед. маде, балг. мъдо́, ц.-слав. мѫдо, мѫдѣ. Прасл. mǫdo, і.-е. адпаведнікі якога дакладна не вызначаны. Фасмер (2, 669) лічыць няпэўным варыянт з насавым да ст.-грэч. μέδεα, μήδεα, μέζεα ’сараматныя часткі цела’, якія з *med‑do, да с.-ірл. mess (< med‑tu) ’жолуд’, блізкімі да лац. madēre ’сачыцца, быць мокрым’, ст.-грэч. μαδάω ’расцякацца, выпадаць’, а таксама адвяргае дапушчэнні Уленбека (211), Мацэнаўэра (LF, 11, 173–174). Петэрсан (RS, 8, 30) выводзіць *mun‑do з *meu‑/*mou‑ ’нешта набрынялае’. Скок (2, 476) дапускае роднаснасць прасл. mǫdo з дарымскім альпійскім словам mandius, якое ў рум. мове дало mînz ’жарабя’, італ. manzo, алб. mëzat ’бычок’, ням. (без суфікса ‑i̯o) Mann. Найбольш імаверным з’яўляецца суаднясенне прасл. лексемы з лац. mentula ’membrum virile’ (Махэк₂, 376), а таксама з лац. muttō, mūtō ’тс’, у якіх ‑tt‑ > ‑unt‑ > ‑ǫt‑. Трубачоў (История терм., 43) выводзіць прасл. mǫ‑do, ст.-слав. мѫдо з і.-е. *măn ’мужчына, муж’, Лурыя (SsiCL, 11, 1960, 553–560) збліжае mǫdo і mǫdrъ.

Муды́хацца ’марудна рабіць што-небудзь’ (стаўбц., Жыв. сл.). Да му́дзіць (гл.). Суфікс ‑ых‑а‑ выражае шматразовае дзеянне.