Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лозік ’верхалаз’, ’ласун’ (Бяльк.). Да ла́зік, ла́зіць (гл.). Пераход а > о, як у тайнаутойваць, сядзепасодзім (Карскі, 1, 98–99).

Лозка ’лазовы зараснік’ (Шат.). Да лаза́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑к‑a з рэдкім для яго значэннем зборнасці (параўн. сасонка ’сасоннік’). Сюды ж лозка ’флёкс’ (пруж., Сл. Брэс.).

Лознікі ’балотныя д’яблы’ (Нік., Няч.). Да лаза́ (гл.).

Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр. лій, рус. лой, польск. łój, чэш. lůj, славац. loj; славен. lǫj ’лейка’, серб.-харв. ло̑ј, макед. лой, лујот, балг. лой, ц.-слав. лои. Прасл. lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк. łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш. slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг. радоп. лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл. lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).

Лойма ’чарціха’, ’русалка’ (Маш., Федар. 1), сувалк., супрасл. і сакольск. ’істота, блізкая да русалкі’ (БНТ, Лег. і пад.). Балтызм, утвораны пры дапамозе суфікса ‑ма (як лаўма). Дыфтонг ‑oi̯‑ другасны; ён паходзіць са старога ‑ou̯‑.

Лойтра ’гультай’ (Ян.). Да лотр (гл.); ‑й‑ выражае экспрэсіўнасць, магчыма, не без уплыву ло́йтры (гл.).

Лойтры ’бакі ў драбінах без абшыўкі’ (паўд.-усх., КЭС) паходзіць з герм. моў, параўн. ням. Leiter ’драбіна, лесвіца’.

Локаць1, локець, лы́коть ’сустаў, месца згібу рукі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. Брэс., Шат., Яруш., Сцяшк., Ян., Сл. ПЗБ), хойн. локець, арш. локъць, крыч., ушац. локыць, бяроз. локоть (КЭС), лу́коць, лі́коць (Дразд.), лу͡окоть (Бес.), локець (ТС; хойн., Шатал.). Укр. ло́коть, лі́коть, ло́кіть, жытом. ло́хот, рус. ло́коть, ст.-рус. локъть; польск. łokieć, okieć, łochieć, каш. łokc, палаб. lütʼėt, н.-луж. łokś, в.-луж. łochć, чэш. loket, славац. lakeť, lokeť, lacheť, locheť, усх. lo̬kec; славен. laket, lakȃt, прэкмур. lakèt, усх.-штыр. láketсерб.-харв. ла̑кат, дуброўн., чарнаг. ла̏кат; макед. лакот, lokutʼ, lъchtʼ, лъftʼ(ót), балг. лакът, радоп. ла́кать, ст.-слав. лакъть. Прасл. olkъtь, olkъte ’згіб рукі, сустаў у згібе рукі’ з асновай на ‑u, да якой у прасл. мове дадавалася ‑t (як у лац., параўн. cap‑ut, ‑ut‑i‑s). Суф. ‑ъt (∼ балт. ‑ut‑a‑s, ‑ut‑i‑s) ужываецца і ў іншых слав. саматычных назвах: бел. пазногаць, рус. коготь, польск. kłykieć ’мышчалкі’, ’другая фаланга пальцаў’. І.‑е. адпаведнікі: літ. uolektìs ’локаць — мера даўжыні’, лат. uôlekts ’тс’, лат. elks ’локаць’, ’перадплечча’, ст.-прус. woltis ’тс’, а таксама балт. адпаведнікі з пашыранай асновай на ‑n: ст.-прус. alkunis ’локаць’, літ. elkū́, alkū́ ’перадплечча’, ’паварот ракі, вуліцы’, лат. ę̀lkuone ’локаць’, ę̀lkuons, ę̀lkuonis ’згіб’ і іншыя: ст.-грэч. ὠλένη ’локаць’, але ἄλαξ πῆχυς (у Гесіхія), лац. ulna, ст.-ірл. uilenn, гоц. aleina, ст.-в.-ням. elina, алб. llerë, ст.-інд. aratniṣ, авест. arəϑna ’локаць’, арм. ołn ’хрыбетны’, olok​c ’галёнка, вялікая галёначная косць’. Да і.-е. *el‑, *ol‑ ’згінаць, гнуць’ (Фасмер, 2, 514; Слаўскі, 5, 154–158; Скок, 2, 263–264). Сюды ж локаць, локыть, локець ’мера даўжыні 65 см, ад кісці рукі да локця’ (Гарэц., Бес., Мал., Шат., Уладз., Ян., Нас., Сцяшк.), лун. ’даўжыня ў 0,5 м’ (Шатал.), ’мера даўжыні на выцягнутую руку’ (Нас.), ’мера даўжыні ў 3/4 аршыну’ (паўд.-усх., КЭС).

Локаць2 ’прагна піць’ (Крыў., Дзіс.). Да лкаць (гл.).

Локіш ’локаць’ (дзярж., Нар. сл.) — рэгіянальнае ўтварэнне з суф. ‑іш (Сцяцко, Афікс. наз., 159), па аналогіі да мя́кацьмякіш. Да локаць (гл.).

Локша ’выраб з пшанічнай мукі ў выглядзе высушаных палосак цеста’ (Жд. 2, Ян., ТС; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), кантамінаваная лопша (Вешт.) — з локша і лапша́, лопшына (Ян.); локшаны (Мядзв.), маг. локшын (Шн.); локшына (ТСБМ; паўд.-усх., КЭС; радашк., карэліц., пруж., глус. Янк. 1; Касп., Шат.), локшыны (Малч., Сцяшк., Бес., Нас., Сл. ПЗБ), локшэ́ніна (ТС), лакшы́ны (Бяльк.), локшына ’локшына з крухмалу’ (Ян., ТС); локша ’соус з пшанічнай мукі’, ’малочны суп з крухмалу’ (браг., хойн., Мат. Гом.). Укр. локша, ло́кшина, лапша; рус. лапша, кур. локша, паўд.-зах. ло́кшины, ст.-рус. лапша, лопша, лапшица (XVII ст.). Запазычана з цюрк. моў, параўн. тат., уйг. lakča ’локшына’ (Фасмер, 2, 460).