Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Лоб 1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч. — Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб 2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб 1 (гл.).

Лоб 3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб 1 (гл.). Параўн. таксама лабак 1.

Лобан ’лабасты чалавек’. (ТС). Укр. лоба́нь ’тс’. Да лоб 1 (гл.). Рус. лоба́н мае іншую семантыку.

Ло́ба́ч ’невялікі шчупак’, лобо́к ’тс’ (ТС). Рус. лоба́ч ’рыба кефаль, Mugil cephalus’, ’белавочка, Abramis sapa Pall.’ Утворана паводле падабенства з лаба́ч ’чалавек з вялікай галавой’ (гл.).

Лобжа ’куча галля’ (ветк., Мат. Гом.). Да лоўж ’тс’ (гл.). Мена губнога назіраецца і ў ветк. ломжа ’тс’ (там жа), а таксама ў тапоніме Ломжа (ПНР) — насуперак Сташэўскаму (Sł geogr., 1959, 173) і Брукнеру (там жа).

Лобік ’вушка кошыка’ (светлаг., Мат. Гом.) утварылася ў выніку пераносу паводле падабенства з лоб 1 ці лоб 2 (гл.).

Лобус 1 ’сцёблы і лісце гуркоў’ (стол., ДАБМ), лобуз, лобудзь ’цяўнік, націнне’, лобузіна ’асобная націна’, лобузнік, лобузье ’націнне’ (Сл. Брэс., ТС). Укр. лобузіння ’цяўнік, сцёблы з летняй гародніны’, рус. лобоз ’гібкі дубец’, лобоза ’спірэя, Spirea ulmaria’, польск. łobuzie, łobazie, łobozg. Прасл. дыялектызм lobuz‑ъ > lobuz‑ьje (Слаўскі, 5, 129). Да лабаза́, лабазнік, лабу́ззе, лабузя́к.

Лобус 2 ’хлопец, дзяцюк’ (арго, Рам. 9), ашм. ’гарэза’ (Сл. ПЗБ). З польск. łobus, łobuz ’гарэза’, ’вісус’, ’хуліган’, ’гультай’, ’нягоднік’, якое, паводле Слаўскага (5, 127), з’яўляецца адным з нешматлікіх выпадкаў параўнання чалавека з дрэвам, калодай, дубцом, — параўн. укр. хлистик, лобас, рус. хлыст, бел. драг. лі́мах, бел. пень і інш. Да лобус 1.