Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Лоск 1 ’бляск’, ’лак, глянец’ (Нас.), ’тс’, ’бездакорны выгляд’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. лоск, рус. лоск, польск. lsnąć, lskać, łysk ’маланка’, ’бляск’, каш. łəsk ’пярун’, чэш., славац. lesk, славен. lèsk ’бляск’, серб.-харв. ла̏скат ’маланка’, макед. ласка, балг. лъ̀скам, лъщя ’блішчэць, ззяць’, ст.-слав. лъщати сѧ. Прасл. lъskъ, lъskati, Iъsknǫti або lьskъ, lьskati, lьsknǫti (Бернекер, 1, 750; Фасмер, 2, 521; Махэк₂, 327; Слаўскі, 5, 419; Скок, 2, 272 БЕР З, 559–560). Да і.-е. luk (sk). Сюды ж ласкованы (аб паперы), ласкава́ць ’наводзіць бляск, чысціню’, ласава́цца ’блішчэць, ільсніцца’, ’пералівацца (аб жыце)’ (Нас.), лоска ’гладка, глянцавіта’ (Бяльк.).

Лоск 2 ’рад’, лоскам ляжаць ’упокат’ (Нас., Ян.; слуц., БНТ, Лег. і пад., 460), лоскым ’тс’ (Бяльк.). Укр. у лоск (лягла́ пшани́ця), лоском лягло, рус. пск., смал., кур., брат, варонеж. лоском, в лоск ’тс’, сіб. лоск ’воднае люстэрка’, уладз. ло́скоть ’роўнае месца сярод узгоркаў’. Да лоск 1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’у рад’ > ’роўна, гладка’. Сюды ж усх.-маг. лоскытым ’упокат’ (Бяльк.), якое з’яўляецца змяшэннем з лоскат.

Лоскат 1 ’ласкатанне, казытанне’, ’сверб’ (Гарэц., Федар. 1, Нас., Бяльк., Ян., ТС). Укр. лоскіт, лоскоти, ласкоти, рус. прыбалт. ласкотка, польск. łaskotki, в.-луж. łoskot. Прасл. laskotъ ’козыт’. Да laskotati > ласкатаць 1 > ласка (гл.) з пераходам а > о (параўн. дараваць — адорваць, плаціць — заплочаны).

Лоскат 2 ’пошчак’ (Гарэц.), ’моцная, апрыклая балбатня’ (Нас.), укр. ло́скіт ’трэск’, рус. ло́скот, лоскота́ ’пустая балбатня, плёткі’, польск. łoskot, чэш. loskot ’грук, рэха, стук, шчоўк’, славен. loskòt ’балбатня’, ст.-серб.-харв. лоскот ’гул’, ц.-слав. лоскотъ ’гоман, крык, шум, звон, гуд’. Прасл. loskotъ ’грукат, шум, гоман’ — nomen actionis ад ласкатаць 2, якое з’яўляецца інтэнсівам да гукапераймальнага loskati, роднасна блізкага да літ. laskúoti, lakštúoti ’весела спяваць’, łazgė́ti ’балбатаць не змаўкаючы’. Чаргуецца з лёскат і ляскаць (гл.) (Бернекер, 1, 734; Фасмер, 2, 521; Слаўскі, 5, 208–210).

Лостачка ў выразе лостачкай ляжаць ’панікнуць, завянуць’ (докш., Сл. ПЗБ). Рус. лост ’драніцы, лучына, рэйка’, лостить ’абабіваць лодку рэйкамі’, роднасныя з ласт ’тс’, якое з фін., алан. lasta драніцы’ (Фасмер, 2, 463).

Лось 1 ’буйная дзікая жывёліна з лапатападобнымі рагамі, Alces alces’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), лусь, лэсь (Дразд.). Укр., рус. лось, польск. łoś, в.-луж. łós, чэш., славац. los. Паўн.-прасл. olsь ’тс’, і.-е *ol‑kʼ‑is: ст.-ісл. elgr, швед. älg, ст.-в.-ням. ëlho, ëlaho, ст.-англ. eolh, лац. alcēs, ст.-грэч. ἄλκη ’лось’, ст.-інд. ŕ̥śyas ’самец антылопы’, памір. rus ’каменны баран’. Паводле асновы — роднаснае да алень (Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 215–216).

Лось 2 ’грыб пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Серж. Грам.; маладз., Янк. Мат.; уздз., Нар. словатв.; ТС; віл., Сл. ПЗБ). Да лось 1. Названа паводле афарбоўкі і касматасці шапачкі грыба, падобных да шэрсці лася. Сюды ж лосёў грыб ’рагацік жоўты, Clavulina cristata Schroet.’ (ТС). Матывацыя — падабенства формы грыба і рагоў лася.