Лог ’шырокі, доўгі яр з адхоннымі схіламі’ (ТСБМ), ’даліна, нізіна, лагчына’ (Гарэц., Касп., Яруш., Сцяшк.; саліг., КЭС; віл., барыс., раг., Сл. ПЗБ), ’гразкая частка дарогі праз луг’ (Мат. Бых.), ’сенажаць, нізіна’ (ТС), ’вузкі кавалак сенажаці паміж палеткамі’ (КЭС, лаг.), ’лагчына з хмызняком’ (Ян.), навагр. ’раздолле’ (КЭС). З аналагічнымі значэннямі — у рус. і ст.-рус. мовах. Укр. лог, ліг ’логавішча’, серб.-харв. ло̑г ’тс’, ’ляжанне’, балг. лог ’прынада’. Прасл. logъ < ležati (Слаўскі, 5, 256–257; Фасмер, 2, 509). Параўн. бел. навагр., слонім. логма (і лёгма) ляжаць (Нар. сл., Нар. словатв.), палес. логом лежаць ’нерухома, не маючы сіл падняцца’, логоваць ’ляжаць аблогам’ (ТС), серб.-харв. лежи логом ’ляжыць нерухома’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-нарв. log ’месца ляжання’, гальск. logan ’магіла’.
Логава ’месца, дзе знаходзіцца воўчы вывадак’, ’паглыбленне ў зямлі, якое служыць жыллём зверу’, ’бярлога’, ’неахайныя жыллё, пасцель чалавека’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), логыва (Бяльк.), логва (Шат.), ло́гаво (Сцяшк.), логво́, ло́гово (ТС), логва, логвіска, логавіска, логвішча, логмішча (Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Сцяшк.), лун. лы́гвіско ’тс’ (Шатал.), логавіна (Сцяшк.), логвіна ’тс’ (лаг., Жд. 2). Укр. лігво́, логво́, лі́гвище, лого́виско, лі́гвиско, ло́гово ’тс’, рус. логово, логовище, логво, варон. ло́гва, арханг. логовина, а таксама лежбище. Усх.-слав. утварэнне. Да прасл. log‑/leg‑ > ляга́ць (гл.).
Ло́гаці, ’стукаць’ (Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, балтызм. Параўн. літ. klegė́ti ’грукаць, стукаць, моцна гаварыць, шумець’. Менш верагодна германізм — са шлёгаць ’біць’ (гл.).
Логіка ’навука аб законах і формах мыслення’, ’ход разважанняў’, ’унутраная заканамернасць’ (ТСБМ); ст.-бел. лоика (1519 г.) запазычанне са ст.-польск. loika (пры наяўнасці і logika, якое з с.-лац. logica (дзе ‑gi‑ > ‑ji‑) < лац. logica < ст.-грэч. λογική (τέκνα) ’навука размаўляць, весці дыспут’ (Слаўскі, 4, 324; Булыка, Лекс. запазыч., 161). Крукоўскі (Уплыў, 81) выводзіць лексему з рус. мовы.