Лох ’дзікая масліна, расліна Elaeagnus L.’ (ТСБМ, Кіс.). Рус. лох ’тс’. Няясна. Фасмер (2, 524) адмаўляе сувязь з алей (гл. у Гараева, 238).
Лоханька ’гліняная міска’ (хойн., Мат. Гом.). Да лаха́н (гл.).
Лохмат ’абрэзак, акравак’, ’гніллё’, лахматок, лахматочак ’тс’ (Нас., Яруш.). Трубачоў (Эт. сл., 15, 251) выводзіць прасл. loxmotъ, якое да laxъ, laxmy > лах, лахма́н (гл.).
Лохнуць 1 ’прагнуць’ (стаўб., Сл. бел. нар. фраз.; Жд. 2). Прасл. loknǫti — дзеяслоў закончанага трывання ад lokati ’хлябтаць’, параўн. бел. локаць ’піць’ (Нас.). Этымалогію гл. лакта́ць. Параўн. таксама Слаўскі (5, 151–153, 160). Куркіна (Этимология–72, 75) супастаўляе славен. lohnẹ́ti ’адчуваць, імкнуцца, патрабаваць’ са славац. lochať ’хлябтаць’, láchať ’хацець, піць’, укр. лохати(ся) ’адчуваць голад’ і зводзіць іх (і іншыя) да асноў: lox‑/las‑/laš‑. Сюды яна адносіць і ўкр. ло́хнути ’быць у адчаі’, ’сумаваць’, параўн. наступнае слова.
*Лохнуць 2, лохнути ’сумаваць, трывожыцца’ (Бес.), рус. гло́хнуць ’сумаваць, быць у адзіноце’, польск. głuchnąć ’сціхаць, замаўкаць’, балг. глъ́хна ’сціхаць’, ’заглушацца пустазеллем (аб расліне)’, глʼкна ’перастаць плакаць, страціўшы голас’. Прасл. gluxnǫti/glъxnǫti (Трубачоў, Эт. сл., 6, 145 і 157). Да глухі (гл.).
Лох-лох! ’лапаценне халяў пры хадзьбе ў ботах’ (полац., Нар. лекс.). Гукаапісальнае з элементам ‑х (як бах! чмых!). Роднаснае з лоп‑лоп! Да лопаць 1 (гл.). Параўн. таксама лах3!.