Лах 1, ла́ха, ла́хі, ла́хэ ’лахман, рызман’ (Сіг.), ’старое, паношанае адзенне’ (ТСБМ), ’адзенне, якое насіць больш нельга’ (навагр., Нар. лекс.), ’шматы, транты’ (КЭС, лаг.), ’шмаццё, барахло’ (Нар. словатв.), іўеў. ’рызман’, арш. ’адзежына’, брасл. ’бялізна’, гродз. ’шматок’, (Сл. паўн.-зах.), у выразе: лахі пад пахі ’хутка пайсці’, ’вельмі паспешліва ўцячы’ (Лінгв. зб., Янк. БФ., Янк. БП). Укр. лах, лаха, лахи ’рызман’, ’адзенне ўвогуле’, рус. ёнаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатвССР) лахи ’рэчы’, ’манаткі’, польск. łach, łacha ’адзенне’, ’вясельны ўбор’, ’чалавек, які носіць такое адзенне’, ’бадзяга’, чэш. lach, lachy, славац. lachy. Паводле Слаўскага (4, 403), — гэта паўн.-прасл. lachъ ’лахман, ануча’, роднаснае да ст.-грэч. λακίς ’тс’ (< λακίξω ’дзяру’), лац. lacer ’парваны’, lacīnia ’акравак’, ’адзенне’, літ. lãkatas ’абрэзак’, ’акравак, анучка’, lakataĩ ’лахі’, лат. lakats ’хустка’. І.‑е. *lak‑so‑ (< *lek‑/*lǝk ’раздзіраць’). Агляд этымалагічнай літаратуры там жа.
Лах! 2 — пра беганіну (мсц., ісл., Нар. лекс.). Да літ. làg, якое перадае імкненне, рух, бег. Параўн. таксама лахаць 1.
Лах! 3 — пра моцны ўдар па корпусу (полац., Нар. лекс.). Магчыма, гэта кантамінацыя гукапераймальных выклічнікаў лясь! і бах!
Лах! 4 — пра балбатню (мсцісл., Нар. лекс.). Другаснае аддзеяслоўнае ўтварэнне ад лахаць (гл.), як мах! < махаць.