Лопаць1, лопаті ’трэснуць, рвацца, разрывацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп.), ’моцна стукаць’ (Бяльк.; беласт., варон., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’біць крыламі’ (Шат.), лопацца ’трэскацца’, ’крычаць на ўсё горла пры лаянцы’ (КЭС, лаг.; рагач., жлоб., Мат. Гом.; ТСБМ, ТС, Шат.), лопнуць, лопнуті ’трэснуць, пэнкнуць, парвацца, прапасці, знікнуць’, (перан.) ’здохнуць, памерці’ (ТС, Шат., Сл. ПЗБ, сувалк., КЭС), стаўб. ’адлегчы, паменшаць (пра мароз)’ (Жд. 2), лоп! ’пра лопанне’ (мсцісл., Нар. лекс.; ТСБМ). Укр. лопати, лопатися, рус. лопать(ся), польск. крэсовае łopać, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati, утворанае ад гукапераймальнага выклічніка lop! (Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). Яму адпавядае літ. lapúoti ’лопаць крыламі’, ’шлёпаць’. Параўн. таксама лапата́ць (гл.). Сюды ж лопан у фразе: лопана на яго няма ніякага! (уздз., Жд. 2).

Лопаць2 ’жэрці, прагна есці’, ’хлябтаць’ (Нас., Бяльк.). Укр. лопати, рус. лопать, чэш. ляш. łopač, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati. Літ. lopóti, лат. lepêt ’тс’. Як і лопаць1, утворана ад гукапераймальнага выклічніка lop!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)