Лапата́ць1, лопота́ць ’удараць па паверхні чаго небудзь, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі’ (ТСБМ), ’біць па лісці, кары, па акне (аб дажджы)’ (КЭС, лаг.), ’нязвязна хутка гаварыць, расказваць’ (ТСБМ; міёр., Нар. лекс., КЭС, лаг.), ’гаварыць, размаўляць’ (Сл. паўн.-зах.), ’гаварыць на замежнай мове’ (ТСБМ), ’балбатаць, малоць глупства, барабаніць языком, гаварыць многа аб нязначным, пустым і без сэнсу’, ’крычаць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Шат., Нас.; докш., Янк. Мат., ТС, Сл. паўн.-зах.), ’узводзіць паклёп’ (Нас.), пух. ’грукатаць’, шальч. лапатацца ’абгаворваць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лопота́ти, рус. лопота́ть, польск. łopotać, славен. lopotáti, серб.-харв. лопо̀тати, ст.-слав. лопотивъ ’гугнявы’, ’балбатлівы’. Прасл. lopotati ’выдаваць гук пры ўдары, балбатлівую гаворку’, ’шумець’. З’яўляецца інтэнсівам з суф. ‑otati ад lopati > лопаць (гл.), утворанага ад гукапераймання lop! (Бернекер, 1, 732; Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). З іншым вакалізмам — ле́пет (Аткупшчыкоў, Из истории, 95). Сюды ж: лапатанне ’балбатанне, паклёп’ (Нас.), стаўб. лапатаньё ’тс’ (Нар. словатв.), лапата́ннік ’балбатун’, лапатня́ ’балбатня’ (трак., Сл. паўн.-зах., Юрч. Вытв.), лапатлівы ’балбатлівы’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), лапату́н ’балбатун, які шмат і без сэнсу хутка гаворыць’ (КЭС, лаг., Касп., Шат., Жд. 2, Нар. лекс., З нар. сл.), перан. лапатушка ’трактар’ (Мат. Гом.).

Лапата́ць2 ’скубсці траву, дрэнна касіць (пра няякасна адкляпаную касу)’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Утворана ад лопат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)