Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лот1 — адзінка вагі 12 г (ТСБМ), 16 г (Бес., Бяльк., Яруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лотъ, запазычанае са ст.-польск. lot, якое з ням. Lot ’мера вагі’ < с.-в.-ням. lot < кельц. *(р)loudia ’упадаць’, с.-ірл. lūaide ’свінец, грузіла’ (Фасмер, 2, 522; Булыка, Запазыч., 191; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 292; Васэрцыер, 142). Аднак, паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), — гэта запазычанне з рус. мовы. Беспадстаўна. Сюды ж лот ’пачак фарбы’ (рагач., беласт., Сл. ПЗБ).

Лот2 ’жолаб, па якім вада прыводзіцца да кола ў млыне’ (лунін., ЛАПП). Другаснае ад лоток (як рус. зонт ад зонтик). Да латак1.

Лота ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (гом., Кіс., Інстр. 2). Да лотаць (гл.). Дыялектны сінонім, утвораны паводле мя́та. З іншым суфіксам параўн. укр. лотай ’тс’.

Лотак ’жолаб для спуску вады’ (касцюк., КЭС). Да латак (гл.).

Лотар ’гультай’ (паст., Сл. ПЗБ). Да лотр (гл.).

Лотаўка ’балбатуха, лапатуха’ (Касп.). Утворана ад ⁺лот, якое з’яўляецца ўсечаным варыянтам лексемы лотр (гл.). Іншы варыянт — латроўка ’гультайка’ (Нас.).

Лотаць, лотась, ло́тоць, лотац, лотать, лоташнік ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (мін., маг., Кіс.; Сцяшк., Бяльк., Бейл., Шат., Мікуц., Сл. ПЗБ, ТС), а таксама лотаце́нё, ло́точнік, ло́тошнік, локо́тнік, лота́тя ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’, ’гарлачык чыста-белы, Nymphaea candida Presl.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Бейл.). Укр. лата́ття, лата́ч, лота́ття, ло́тач, ло́таш, ло́тарь, ло́так, ло́тань, ло́точ, зах.-рус. лотать, польск. крэсовае łotoć, łotocie, в.-луж. lokaśina, славац. lotač, lotáč, lotaj. Слова не мае надзейнай этымалогіі. Слаўскі (5, 217) адносіць да прасл. olta (параўн. укр. лата́тий ’з вялікімі і шырокімі лістамі’. Мяркулава (Очерки, 26–30) узводзіць да і.-е. асновы *lat‑ ’мокры’, ’балота’, што з’яўляецца малаімаверным. Махэк₂, Jména, 41, беручы пад увагу іншыя слав. назвы лотаці (blatúch, blatník, калужница), звязаныя з паняццем ’балота’, узводзіць разглядаемыя лексемы да прасл. loky ’лужына, месца са стаячай вадой’.

Лотачка ’лодачка’ (гом., Рам. 1), лотачнік, лоташнік ’вопытны плытагон, які праводзіў плыты праз небяспечныя месцы: мелі, парогі і інш.’ (глус., бярэз., Нар. лекс.). Рус. арханг., валаг., вяц., уладз., цвяр., смал., кур., варонеж. лоточка ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. У выніку кантамінацыі з лексемай лоток, лоточек, латак ’жолаб’. Не выключаны ўплыў свінскіх моў (фінскага субстрату).

Лотва ’чарада, плойма (дзяцей)’ (Касп.), рус. пск. лотва некрещеная! — лаянка; ’шалёнае зборышча’, польск. Lotwa ’Латвія’. Лексема паходзіць ад этноніма як абагульняючае слова для мноства людзей (з незразумелай мовай). Параўн. яшчэ рус. пск. латыш ’чалавек, які гаворыць неразборліва’. Паходзіць з незасведчанай у балтыйскіх помніках назвы для краіны і яе насельніцтва *Latuvā, Latvā (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 3), параўн. назву вёскі Лотва Мядзельскага р‑на, ст.-бел. Лотва (у Стрыйкоўскага) і інш. Больш падрабязна гл. Непадкупны (Связи, 151–152).

Лотр ’лайдак, гультай’, ’круцель, п’яніца, ашуканец, марнатравец’ (Нас., Яруш., ТСБМ; гом., Мат. Гом.), лотра, лу͡отра ’гуляка, гультай, лодар, п’яніца’ (Гарэц., Мал., Бяльк., ТСБМ). Ст.-бел. лотръ ’злачынец, бандыт, разбойнік’, ’махляр, ашуканец’, якое Карскі (Труды, 312) і Кюнэ (74) выводзяць з польск. łotr ’тс’; Булыка (Запазыч., 191) — са ст.-польск. łotr (апошняе з чэш. lotr < с.-в.-ням. loter або з lotterbube ’нягоднік, мярзотнік’); Жураўскі (Бел. мова, 61), Чартко (Пыт. мовазн., 122) крыніцай для ст.-бел. лотръ лічаць с.-в.-ням. loter. Паняцце амаральнасці, распусты, заключанае ў гэтай лексеме, дало падставу Булахаву (Бел. мова, 54–55) звязаць яе з біблейскім імем Лотр. Аб гэтым гл. і ў Панюціч (Лексіка нар. гав., 103). Больш падрабязна гл. Слаўскі, 5, 221–222.