Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ля 1 ’каля’ (ТСБМ, Мікуц., Мал., Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Я., Сл. ПЗБ), укр. чарніг. ля ’тс’ — скарочаная форма другаснага прыназоўніка каля, які паходзіць з прасл. kolo, па форме — роднага склону назоўніка kolo (ESSJ SG, 1, 88–91; Шуба, Прыназоўнік, 41–43).

Ля 2 ’глянь, бач’, якое стала ў некаторых гаворках пабочным словам (Сцяшк., Сл. ПЗБ). Як пабочнае слова вядома і ва ўкр. гаворках. Скарочанае глянь, ад якога адпала пачатковае г‑ (Карскі, 1, 371; ён жа, Труды, 380), пасля канчатак.

Ля 3, палес. ля мэ́нэ ’дзеля мяне, паводле мне’ (драг., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’для’ (Касп., Ян., Мікуц.; ельск., Мат. Гом.). Да для (гл.). Узнікла ў выніку адпадзення д‑ перад ‑л‑ (Карскі, 1, 352). Аб узнікненні для шляхам перакрыжавання прасл. dlʼa (< dělʼa) і dьlʼa ’даўжыня’ гл. ESSJ SG, 1, 55–59; Трубачоў, Эт. сл., 4, 234–235; SP, 3, 154–156). Аб ужыванні варыянтаў-сінонімаў для ∼ дзеля гл. Шуба (Прыназоўнік, 41).

Ля́балацце, ляболацце, ля́балаць, лябалотнічча, ляву́збалаць, ля́збалацце, лябалоцічча, ляпоўзбалацішча, ляўзкалю́балацце, ля́ўзбалацце ’сенажаць, лес, кусты каля балота’ (слаўг., Яшк.). Да ля 2 + з‑ (‑уз‑, ‑паўз‑) і балота (гл.).

Лябёдка 1 ’машына для падымання і перамяшчэння грузу’ (ТСБМ, Сцяшк.). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 72), дзе ўтворана ад ле́бедь (птушка). Аналагічна ў ням. Kran — Kranich, франц. grue, чэш. jeřab ’журавель’ і ’кран’ (Трубачоў — дадатак у Фасмера, 2, 470).

Лябёдка 2 ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench’. (гродз., Кіс.). Да лебяда́ (гл.). Матывацыя: квітнеючая расліна па форме (контуру) падобна да лебяды, а пушыстае лісце мае такі ж шараваты колер. Параўн. падобныя назвы рус. кастр. лебёдка ’пустазелле ў збожжавых’, варон. лебеде́ц ’стрэлкі, Capsella bursa-pastoris L.’

Ля́біх, лябі́х, ля́бех ’гультай, лежань, абібок’ (Мядзв., Бяльк., Растарг., Ян.; рэч., Мат. Гом.). Кантамінаваная форма, у якасці магчымых зыходных якой можна назваць: лебахі (аналагічная семантыка ў лантух ’вантробы’ > ’гультай’), лямец, лімах (гл.) і зах.-бран. ла́бза ’тоўстая, няўклюдная жанчына, дзяўчына’, арханг. лявза́ ’някемлівы, няспрытны чалавек, разява’, пск., цвяр. лябза́, ля́бзя ’тс’, параўн. і дан., краснадарск. лабзай ’тоўсты, здаровы, але гультаявалі чалавек’. Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 70–73). Сюды ж лябехава́ты ’непаваротлівы’ (добр., Мат. Гом.).

Лява́да ’луг, абгароджаны для пашы жывёлы’ (Нас.), ’пастаўнік у полі, лесе’ (Бяльк.; ветк., Яшк.). Да ліва́да (гл.).

Ля́вай ’непраходна’ ў сказе: Пасля снегу поля ляжа́ло ля́вай (ваўк., Сцяшк.). У выніку кантамінацыі лексемы лава ’пласт, рад’ і выразу лядам ляжаць.

Ля́віца (іран.) ’рот’ (Сцяшк.). Няясна. Магчыма, звязана генетычна з рус. пск. ла́вики ’дзясна’, алан. лавла́ка ’тс’, ’сківіца’ (?).

Лявіца ’ільвіца’ (Кліх). Да леў (гл.).

*Лявок, левок ’вылівак’ (петрык., Шатал., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова шматразовага дзеяння livati, якое ад liti > ліць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 59). Параўн. таксама вылівак (гл.).

Лявоніха 1 ’беларускі парны народны танец’ (ТСБМ, Гарэц., Мядзв., Шат., Касп.). Ад мужчынскага імя Лявон. Параўн. іншыя бел. народныя танцы паводле імя: мікіта, юрачка. Цяпер танец лявоніха ўспрымаецца як фальклорны. Сема фальклорнасці, самадзейнасці прысутнічае ў лексеме лявоніха ’самагон’ (Жд. 1). Параўн. суч. размоўнае фальклор ’тс’.

Ляворвар ’рэвальвер’ (Шат.). Сапсаванае народнае рэвальвер, якое (праз рус.) з франц. revolver ’тс’. Аднак націскное о падказвае нам аб іншай крыніцы запазычання — польск. rewolwer, якое з англ. revolver ’тс’.