Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

*Ляса́ўка, ліса́ўка ’лесавы яблык’ (Бяльк.), лясоўка ’дзікая яблыня’ (барыс., Сл. ПЗБ). Магчыма, з польск. lasówka ’дзікае лясное дрэва’, ’плады з такога дрэва’. Параўн. ст.-рус. лѣсница ’дзікая яблыня’, укр. закарп. лісни́ця ’дзікая яблыня ці груша’.

Лясе́нства ’вялікі лясны масіў’ (слаўг., Яшк.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ⁺лясеннік, параўн. рус. кастр. лесе́нник (зборн.) ’дрэва, кусты’, рус. (ЛітССР) лесёнок ’лясок’. Аб суфіксе ‑ств‑а гл. Сцяцко (Афікс. наз., 139).

Лясёнка ’радняная посцілка ці абрус, у якіх носяць з поля сена, салому, траву, пераносяць груз за плячамі’ (Янк. 1, Жд. 1, Шат., Бяльк.; асіп., ДАБМ, к. 254; пух., З нар. сл.; асіп., Шатал.; іўеў., Сцяшк. Сл.); ’невялікі вышыты дыванок’ (Новы Двор пад Мінскам, КЭС). Генетычна ўзыходзіць да прасл. lěsa ’пляцёнка з галінак, прутоў для розных мэт, пляцень, вароты, краты’ (укр. лі́са, ліса́, рус. леса́, ст.-рус. лѣса, леса, лесы; польск. lasa, ст.-польск. lasy, ст.-н.-луж. lěsa, в.-луж. lěsa, чэш. lísa, мар. ľésa, славац. lesa, lésa, liesa, славен. lẹ́sa, серб.-харв. ljȅsa, макед. леса, балг. леса́, ля́са, ле́са, леси, лесич, ц.-слав. лѣса), якому адпавядаюць лат. lę̃sa ’сплеценыя расліны на паверхні вады’, lę̂sa ’пасцель з ільну, збажыны (снапоў)’, ’карэні раслін, якія зрасліся над вадой і ўтварылі слой’, lę̄ss ’тс’ (Сабалеўскі, РФВ, 15, 366; Брукнер, 290; Слаўскі, 4, 56–59; Мюленбах-Эндзелін, 2, 462). Фасмер (2, 485–486) мяркуе, што такое збліжэнне звязана з семантычнымі цяжкасцямі. Значэнне бел. лексемы ’посцілка’ развілося з прасл. ’пляцёнка з галінак’, трэба помніць аб тым, што ткацтва больш за ўсё нагадвае пляценне і, відавочна, узнікла з яго (Трубачоў, Ремесл. терм., 19).

Лясі́на, лесі́на, лесі́на ’адно дрэва на корані’, ’сухое дрэва’, ’ссечаныя дрэвы як лесаматэрыял’, ’бервяно’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Касп., Ян., Юрч. Вытв.; рас., Шатал.; пух., Сл. ПЗБ; ТС). Да лес (гл.). Аб суфіксе ‑іна гл. Сцяцко, Афікс. наз., 155–156.

Лясі́нка, лесі́нка ’адна арэшына’ (лельч., Нар. лекс.). Да леса 1 (гл.).

Ляск ’звонкі гук, які ўтвараецца пры ўдары металічным прадметам аб метал, камень і інш.’, ’рэзкі, сухі гук пры ўдары, сутыкненні’ (ТСБМ, Касп.). Укр. ляск, рус. лязг. Усх.-слав. гукаперайманне (Бернекер, 1, 702).

Ля́ска ’галінка дрэва, дубец, палачка, кій, прыс, шост’ (Нас., Мядзв., Касп., Сцяшк., ТС., Сл. ПЗБ), ’прыгожы кірмашовы кіёчак’ (КЭС, лаг.), ’штыкеціна, выгнутая палка ў вертыкальным плятні’, ’дошка ў плоце’; ’гарызантальная жэрдка ў агароджы’ (Сцяшк., Бір. дыс., Сл. ПЗБ), ’лёстка ў драбіце калёс’ (бялын., Янк. Мат.; мсцісл., Полымя, 7, 1987, Бір. дыс., гродз., Сцяц. Словаўтв.; зэльв., Шатал.), ’палка плытагона, якою ён правіць плытом’ (Бір. дыс.), ’планка круглага сячэння ў баране, у венцеры’ (Сл. ПЗБ), ля́сачка ’трасцінка, палачка’ (Нас., Янк. 1), ля́сачкі ’тонкія дошчачкі ў кроснах, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Сцяшк.). Запазычана з польск. laska ’кій, палка’, ст.-бел. ляска, леска (XVI ст.) ’жазло’, ’арэхавы кій’ — са ст.-польск. laska ’тс’ (Цвяткоў, 53; Слаўскі, 4, 59–60; Булыка, Запазыч., 185; Сцяцко, Словаўтв., 177; Арашонкава, БЛ, 2, 50), якія да прасл. lěska ’арэхавы кій’. Пазней адбылося напаўненне семантыкі новымі значэннямі. Гл. таксама леса 1.

Ля́скавіца 1 ’смерць’ (Растарг.). Да ля́скаць, ля́снуць ’згінуць’ (гл.). Аб суфіксе ‑авіца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 82.

*Ля́скавіца 2, ля́сковіца ’маланка’ (ТС) — паводле ўдараў грому — да ля́скаць (гл.). Параўн. таксама ляската́ць ’моцна грымець і бліскаць’. Не выключана магчымасць утварэння гэтай лексемы з бліскаві́ца ’маланка’ (Сл. ПЗБ) пры кантамінацыі з ля́скаць.

Ля́скалка ’скрыпень вузкалісты, Epilobium angustifolium Scop.’ (лельч., Нар. лекс.). Відаць, да ля́скаць. Аднак матывацыя застаецца няяснай. У часткі назваў пераважае «гукавая» прыкмета: скрыпень, скрыпнік, скрыпун. Сюды ж і ля́скалка. Магчыма, паводле гука пры ляску, трэску плода-каробачкі.

Ля́скат ’гукі пры лясканні’ (ТСБМ, Растарг.; стаўб.; Нар. словатв.), ля́скот ’бразгат’ (ТС), укр. лескіт ’трэск’. Утворана ад леската́ць (гл.) < прасл. leskati > ляскаць (гл.).