Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лята́вец ’вядзьмар, змей, лятаючы дух’ (Доўн.-Зап., 3), ст.-бел. лятавецъ, летавецъ ’прывід, здань’ (пач. XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. latawiec, letawiec ’вампір, ведзьма, крывасмок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176; Свяжынскі, Бел.-польск. ізал., 110–111), якія Слаўскі (4, 67–68) узводзіць да праформы lětav‑ьcь < lěta‑vъ < lětati > лята́ць (гл.). Сюды ж лятавіца ’русалка, жанчына-дэман’ (там жа). Параўн. таксама смал. лета́вка (фалькл.) ’той, хто хутка лётае ці бегае’.

Лята́р ’ліхтар’ (лях., Сл. ПЗБ) ўтворана ў выніку кантамінацыі лятарня і ліхтар.

Лята́рня ’ліхтар’, ’падсвечнік’ (Сцяшк., Мал.; гродз., шчуч., З нар. сл., Сл. ПЗБ), лятарэнька ’ліхтар’ (Булг.), ст.-бел. лятарня, летарня, лятерня ’тс’ (1556 г.). Запазычаны са ст.-польск. laternia, laterna, latarnia, якія праз с.-в.-ням. latërne ’ліхтар’ прыйшлі з лац. laterna ’ліхтар, лямпа’ < lanterna < ст.-грэч. λαμπτήρ ’паходня, лямпа, ліхтар’ (Слаўскі, 4, 66 з л-рай; Булыка, Лекс. запазыч., 103).

Ля́тась ’у мінулым годзе’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да ле́тась (гл.). У пачатковым ля‑ польскі рэфлекс ‑ě‑ (як у lato).

Ля́таць, лята́ць ’лётаць’, ’хутка хадзіць’, ’скакаць (пра вавёрку)’ (Сл. ПЗБ). Да лётаць (гл.). Форма з націскным ля‑ пад уплывам польск. latać ’тс’.

*Лятва́, лётва́, летва́, лятво́ ’праца пчалы па збору мёду’ (Анох.; лунін., Шатал.; рэч., Мат. Гом.). Палескае. Да лётаць. Аб суфіксе ‑ва (‑во) гл. Сцяцко (Афікс. наз., 85).

Лятво ’ляток у вуллі для вылету пчол’ (Сцяшк., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.), харв. ц.-далмацінск. letva ’палавінка лёгкіх дзвярэй’. Да лятаць, лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 34).

Ля́тка (у прымаўках) ’год’, ’лета’ (Нас.). З польск. latko — памяншальнае да lato ’лета’ (Цвят., 53). У бел. песнях, аднак, часта ўжываюцца дэмінутыўныя формы з суфіксам ‑к‑а (жы́тка).

Лятні́ско ’аэрадром’ (бераст., Сцяшк. Сл.). З польск. lotnisko ’аэрапорт’.

Лятні́чы ў выразе лятніныя кашары (лід., Сл. ПЗБ). З польск. koszary lotnicze ’казармы для лётчыкаў’, дзе lotniczy з lotnik ’лётчык’.