Ліхта́р, лыхта́р ’прылада для асвятлення — футарал са шклянымі сценкамі’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Мядзв., Растарг.; КЭС, лаг.), ’падсвечнік’ (Грыг., Нас., Шат., Шпіл.; Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. лихтаръ, лехтаръ, лыхтаръ, ляхтаръ ’ліхтар’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. lichtarz ’падсвечнік’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. liuhtaere, ням. Leuchter ’падсвечнік’ < liuhten ’свяціць’ < герм. *liuhta‑ ’ясны’ (Слаўскі, 4, 233; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 62; Кюнэ, 72). Фасмер (2, 505) мяркуе, што насуперак Вінеру (63) пасрэдніцтва ідыш з’яўляецца неімаверным. Сюды ж ліхта́рня ’падсвечнік’ (Нас., Сцяшк.), ’ліхтар’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС), ’від ліхтара’ (паст., чыж., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)