Лётаць лётыць ’лятаць (у розных кірунках)’, ’хутка бегаць, хадзіць’, ’насіцца’, ’заляцацца’ (Гарэц., Нас., Шат., ТСБМ; в.-дзв., паст., віл., барыс., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), драг. лётатэ і лэ́татэ ’тс’ (І. Лучыц-Федарэц). Рус. лётать, серб.-харв. ле́тети ’лётать туды-сюды’ (у адрозненне ад ле́тати — дзеяслова шматразовага дзеяння), магчыма, чэш. létati, lítat. Прасл. інтэнсіў lětati, які ўзыходзіць да першаснага lektati, параўн. роднасныя літ. lė̃kti, lekiù ’ляцець’, lakstýti ’пырхаць, лётаць’, lakstinė́ti ’тс’ (шматразовае дзеянне), лат. lèkt, lęcu ’скакаць’, ’узыходзіць (аб месяцы, сонцы)’, ’здарацца’, часам і ’ляцець’, lę̄kât ’скакаць’ (шматразовае дзеянне), — звычайна іх супастаўляюць са ст.-грэч. λακτίζω ’брыкаюся’, ’тапчу, б’ю нагой’, с.-в.-ням. lęcken ’брыкаць, скакаць’. Цяперашні час гэтага інтэнсіва ўтвараўся пры дапамозе суф. ‑te‑ (Мее, Общеслав., 188–189); рэшткі старога спражэння можна бачыць у бел. (ашм., астрав., лаг., паст., смарг.) ляту́ — 1‑я ас., ляту́ць — 3‑я ас. (Сл. паўн.-зах.), польск. дыял. letę, letą. Група ‑kt‑ перад ‑a‑ перайшла ў ‑t‑ (Махэк₂, 328), падаўжэнне галоснай, як у lěgati (Слаўскі, 4, 65). Пазней да інтэнсіва быў даўтвораны ітэратыў letěti, а lětati стала імперфектам. Сляды інтэнсіва назіраюцца ў бел. лята́ць ’ляцець у розных кірунках’, ’хутка бегаць’ (Янк. II, ТСБМ). Праблематычным застаецца націск на галоснай кораня (як у інтэнсіва) у ітэратывах па форме бел. ваўк., івац., лях. ле́цець, чэрв. ле́ціць ’ляцець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. таксама ляце́ць.