Лясёнка ’радняная посцілка ці абрус, у якіх носяць з поля сена, салому, траву, пераносяць груз за плячамі’ (Янк. 1, Жд. 1, Шат., Бяльк.; асіп., ДАБМ, к. 254; пух., З нар. сл.; асіп., Шатал.; іўеў., Сцяшк. Сл.); ’невялікі вышыты дыванок’ (Новы Двор пад Мінскам, КЭС). Генетычна ўзыходзіць да прасл. lěsa ’пляцёнка з галінак, прутоў для розных мэт, пляцень, вароты, краты’ (укр. лі́са, ліса́, рус. леса́, ст.-рус. лѣса, леса, лесы; польск. lasa, ст.-польск. lasy, ст.-н.-луж. lěsa, в.-луж. lěsa, чэш. lísa, мар. ľésa, славац. lesa, lésa, liesa, славен. lẹ́sa, серб.-харв. ljȅsa, макед. леса, балг. леса́, ля́са, ле́са, леси, лесич, ц.-слав. лѣса), якому адпавядаюць лат. lę̃sa ’сплеценыя расліны на паверхні вады’, lę̂sa ’пасцель з ільну, збажыны (снапоў)’, ’карэні раслін, якія зрасліся над вадой і ўтварылі слой’, lę̄ss ’тс’ (Сабалеўскі, РФВ, 15, 366; Брукнер, 290; Слаўскі, 4, 56–59; Мюленбах-Эндзелін, 2, 462). Фасмер (2, 485–486) мяркуе, што такое збліжэнне звязана з семантычнымі цяжкасцямі. Значэнне бел. лексемы ’посцілка’ развілося з прасл. ’пляцёнка з галінак’, трэба помніць аб тым, што ткацтва больш за ўсё нагадвае пляценне і, відавочна, узнікла з яго (Трубачоў, Ремесл. терм., 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)