Ла́ва 1 ’прылада для сядзення (некалькіх асоб) і для спання’, ’самаробная мэбля ў сялянскай хаце’ (Гарэц., Сцяшк., Мат. Гродз.; гродз., КЭС. Янк. Мат., Мал., Некр., Маш., Выг., Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), лавы ’тс’ (Зялен. 2; Зн. дыс.). Укр. ла́ва, рус. ла́ва ’тс’, польск. ława, палаб. lovó, н.-луж., в.-луж. ława, чэш. lava, мар. łava ’тс’, славац. lávka, lavica ’лаўка’, славен. láva ’буфет (шафа)’, балг. лавица ’лаўка’. Прасл. lava ’(непераносная) лава ля сцяны’. Развіццё семантыкі: ’узнятае прыстасаванне для сядзення, ляжання’ > ’прызба’ > ’куча, слой зямлі, шчыльная маса, рад’. Дакладнымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. lóva ’ложак, пасцель’, ’доўгая лаўка’, ’градка, загон’, ’рэчышча’, лат. lāva ’палок у лазні’, ’пол’, ’лаўка ля печы’, ’адонак’, а таксама, магчыма, ст.-інд. láva‑ ’адрэзак, адрэзаны кавалак’, lavaḥ ’той, хто рэжа’, літ. liáutis ’прыпыняць, быць абрэзаным, акалечаным’ (апошняе гл. Слаўскі, 5, 51). Больш падрабязна гл. Бернекер, 695; Фасмер, 2, 444.
Ла́ва 2 ’звязаны лес, плыт, які сплаўляецца на рэках басейна Заходняй Дзвіны’ (Анік., Дэмб., Янк. Мат.), ’плыт або звяно плыта на даўжыню аднаго бервяна’, ’плыт з двухмятровых дроў’ (дзвін., Нар. сл.; чэрв., Сл. паўн.-зах.). Самым блізкім да яе па значэнню з’яўляецца рус. лава ’мост’, пск. ла́вы ’плывучы мост на плытах’, пск., цвяр. ла́вина ’плыт на вадзе для мыцця бялізны, коней’, укр. гуц. ла́ва ’вузенькі масток, бервяно праз ваду, якое ўжываецца для пераходу’, ’кладка’. Аднак семантыка бел. лава з’яўляецца рэгіянальнай канкрэтызацыяй больш агульнага значэння лексемы lava ’нешта доўгае, шарэнга, рад, шчыльна складзеныя з асобных, падобных адна да адной састаўных частак’, як у бел. лава ’бок вуліцы’ (петр., Шатал., Мат. Гом.), параўн. і ла́ва 3 — лава 6, рус. пск. ла́вица ’вуліца, гарадскі раён’ (Філін, Происх., 610). Адносна паходжання гл. ла́ва 1.
Ла́ва 3 ’кавалак поля ад баразны ў два-тры загоны, узараных уроскід’ (Сцяшк.; мін., Ант., Чуд., Сл. паўн.-зах., Прышч. дыс.), ’вялікі кавалак зямлі, участак поля’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.), ’загон’ (Шатал.), ’участак поля, які належыць аднаму гаспадару’ (Сл. паўн.-зах., Выг.), ’ніва’ (Мат. Гом.), ’вялікі абшар, аднастайны масіў чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’вузкая паласа поля’, ’загуменная дарога’, ’абочына дарогі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. lóva ’загон, градка’. Да лава 1 (гл.).
Ла́ва 4 ’кар’ер (торфу)’ (Мат. Гом.), ’падземны горны вырабатак з доўгімі забоямі, дзе здабываюцца карысныя выкапні’ (ТСБМ) < польск. lawa < ст.-польск. ławy ’соль, высечаная гарызантальна’, ławy węglowe (XVI ст.). Крукоўскі (Уплыў, 73) мяркуе, што гэта запазычанне з рускай мовы. Да лава 1 (гл.).
Ла́ва 5 ’падоўжаная ўкладка дроў’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн., аднак, літ. lóva ’капна сена’. Магчыма, балтызм.
Ла́ва 6 ’гарадскі суд’ (КТС, У. Караткевіч), ст.-бел. лава ’тс’ запазычана са ст.-польск. lawa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 53).